Аддзел ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму назваў гэта «несапраўднай інфармацыяй», якая «дыскрэдытуе мясцовыя органы ўлады перад жыхарамі і гасьцямі Віцебску». І папярэдзіў, што гэта можа стаць «падставай для стасаваньня нормаў адказнасьці згодна зь дзейным заканадаўствам у галіне сродкаў масавай інфармацыі да ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу».
Паводле рэдактара і заснавальніка сайту «ННВ» Сержука Серабра, у артыкуле «Лайфхак: Як сустрэць Новы год пад галоўнай ёлкай Віцебску і ня патрапіць у міліцыю» пераказваецца інфармацыя, разьмешчаная на сайце ўправы МУС Віцебскага аблвыканкаму.
Міліцыя там папярэджвала грамадзян, што падчас масавых мерапрыемстваў падыходы да галоўнай гарадзкой ялінкі абсталююць перасоўнымі пунктамі пропуску з мэталашукальнікамі, і супрацоўнікі міліцыі не прапусьцяць на сьвяткаваньні асобаў у нецьвярозым стане, са зброяй або яе муляжамі, а таксама піратэхнікай. Адзін з пунктаў правілаў, якія павінны выконвацца грамадзянамі падчас імпрэзаў агульнагарадзкога маштабу, – гэта забарона «карыстацца сьцягамі, вымпэламі, эмблемамі, сымбалямі, плякатамі і транспарантамі, за выключэньнем Дзяржаўных сымбаляў і атрыбутыкі, распрацаванай для гэтых мэтаў Віцебскім гарвыканкамам».
Гэты пункт зьявіўся ў шэрагу забаронаў пасьля таго, як 7 студзеня 2010 году сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка вывесіў на віцебскай гарадзкой ялінцы бел-чырвона-белы сьцяг, узьлезшы на самую яе вершаліну. За гэты ўчынак яго асудзілі на 3 гады ўмоўна, а потым далі 2 гады і 1 месяц пазбаўленьня волі. У калёніі Каваленка ня раз абвяшчаў галадоўкі пратэсту.
Пра гэты выпадак тут жа згадалі наведнікі сайту «Народныя навіны Віцебска», пакінуўшы адпаведныя камэнтары.
Дарэчы, сваё незадавальненьне фразай з артыкулу невядомы прадстаўнік ідэалягічнага аддзелу таксама выказаў у камэнтарах пад тэкстам. На думку Сяргея Серабра, гэта можна лічыць афіцыйным меркаваньнем, бо камэнтар быў адпраўлены з сапраўднага электроннага адрасу аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Спадар Серабро запытаўся ў апанэнтаў, ці ня лічаць яны інфармацыю для гараджан на міліцэйскім сайце таксама непраўдзівай і ці можна было «на навагодніх мерапрыемствах у Віцебску выкарыстоўваць дзяржаўную сымболіку Рэспублікі Беларусі ўзору 1991 году, напрыклад – бел-чырвона-белы сьцяг?»
Адказу ад ідэалягічнага аддзелу пакуль што няма.