Праз колькасьць экспанатаў – 392 штукі – новаадкрытая ўстанова наўрад ці заслугоўвае, каб гучна называцца музэем. Так сабе, гістарычны ці этнаграфічны куток. Газэта пералічвае экспанаты: старыя гадзіньнікі, посуд, польскамоўныя дакумэнты, фотаздымкі. І – цытую даслоўна – “іржавыя манэты ажно 1749 году выпуску”.
Ажно 1749 году! Любы аматар археалёгіі, які ўмее трымаць у рукох мэталашукальнік, мае ў сваёй калекцыі значна старэйшыя манэты, тыя ж “барацінкі”, якіх у 1660-я гады было выбіта некалькі мільёнаў штук. На фотаздымках, што газэта “Родныя вытокі” апублікавала на сайце, бачныя дзясяткі два манэт, царская дзесяцірублёўка і савецкія грошы. Яшчэ гліняны збанок стаіць, ды старыя лыжкі зь відэльцамі на вітрыне раскладзеныя. Гэта ўсё, што здолелі сабраць?
Самае скандальнае ў гісторыі – ня зьмест экспазыцыі. Хай пры вясковых бібліятэках, клюбах ды школах ствараюцца такія куткі! Каб праўнукі маглі пабачыць рэчы прадзедаў. Калі б вясковы бібліятэкар сам, па сваёй ініцыятыве, зрабіў такі куток, яго належала б пахваліць і пажадаць новых цікавых знаходак.
Скандальнае – тое, што гэты музэйчык – галоўны вынік праекту на суму 18 000 даляраў. Столькі сродкаў фундацыя ЭЗ/ПРААН вылучыла для Докшыцкага раёну на ініцыятыву пад назвай “Адраджэньне сядзібна-паркавых збудаваньняў” у рамках праекту “Садзеяньне разьвіцьцю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. А выйшаў, як у той байцы, пшык!
Непасрэдна на комплекс сітцаўскай сядзібы, якая належала Бжастоўскім і Дамейкам – брамы XVIII стагодзьдзя ў стылі віленскага барока, палацавых сутарэньняў, старой агароджы – не пайшло ані цэнту. Грошы, піша газэта, асвоілі на стварэньне музэйнай экспазыцыі, асфальтаваньне аўтамабільнай стаянкі і дарожак, будаўніцтва сцэны ў парку, набыцьцё гукаўзмацьняльнай і сьветлавой апаратуры.
Якую экспазыцыю, зь якімі ўнікальнымі, гістарычнымі рэчамі можна было б стварыць за 18 000 даляраў! А зрабілі музэйчык з 392, сабранымі па вёсках, экспанатамі. Грошы асвоілі, а выніку – няма!
Я не павяду турыстаў зь Менску, якія рэгулярна прыяжджаюць у Сітцы цэлымі аўтобусамі, у гэты музэй. Бо за яго сорамна, бо там няма чаго глядзець. Докшыцкія работнікі культуры здолелі патраціць 18 000 даляраў і пры гэтым не зрабіць Сітцы ані на кроплю больш прывабнымі для турыстаў.
Кастусь Шыталь, westki.info