Згодна з дакладамі адказных асобаў, па выніках працы ў справаздачны пэрыяд выконваюцца толькі 5 з даведзеных раённаму Савету дэпутатаў 13 паказчыкаў. Сярод тых, што не выконваюцца, – паказчыкі па вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі, выпуску прамысловых тавараў паводле індэксу фізычнага аб'ёму, запасах прадукцыі на складах, таваразвароце грамадзкага харчаваньня, экспарце тавараў і паслугаў, наўпроставых замежных інвэстыцыях, заработнай плаце.
Чысты прыбытак раёну па выніках працы за першыя 9 месяцаў году склаў 1143 тысячы рублёў. Аднак такія галіны, як сельская гаспадарка, будаўніцтва, раздробны гандаль, спрацавалі са стратамі.
Начальніца раённага аддзелу Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Святлана Панамарова зьвярнула ўвагу на тое, што ня ўсе плацельшчыкі выплачваюць абавязковыя страхавыя ўнёскі ў вызначаны тэрмін. 13 прадпрыемстваў і арганізацыяў раёну (без уліку тых, што ліквідуюцца) паводле стану на 1 кастрычніка мелі запазычанасьць на суму 47,8 тысячаў рублёў.
Васіль Станкевіч, старшыня раённага Савету дэпутатаў, засяродзіў увагу на патрэбе ліквідаваць дапушчанае адставаньне па ключавых паказчыках, адзначыў неабходнасьць забесьпячэньня прыбытковай працы арганізацыяў і прыцягненьня дадатковых даходаў у мясцовыя бюджэты ўсіх узроўняў.
Разам з тым выступоўцы адзначылі станоўчую дынаміку паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў справаздачны пэрыяд. Як паведаміла Натальля Кацар, начальніца аддзелу эканомікі райвыканкаму, вытворчасьць прамысловай прадукцыі за гэты пэрыяд складае 120,2% да адпаведнага леташняга ўзроўню, раздробны таваразварот – 103,3%, выручка арганізацыяў раёну ад рэалізацыі прадукцыі, работаў і паслугаў складае 103,8%.
Да канца году мяркуецца забясьпечыць 100-адсоткавае выкананьне даведзенага заданьня па жыльлёвым будаўніцтве. За першыя 9 месяцаў 2016 году ў эксплёатацыю ўведзена 11518 квадратных мэтраў агульнай плошчы жытла, што складае 64 адсоткі ад заплянаванай нормы. Найбліжэйшымі месяцамі плянуецца здаць у эксплёатацыю 12-кватэрны жылы дом у вёсцы Курына, 40-кватэрны – у вёсцы Лужасна, а таксама індывідуальныя дамы агульнай плошчай каля 1200 квадратных мэтраў.
Старшыня райсавету Васіль Станкевіч паведаміў, што ўжо паступаюць прапановы па фармаваньні бюджэту на 2017 год. Ён падкрэсьліў сацыяльную арыентацыю бюджэту і адзначыў, што амаль 70% яго выкарыстоўваецца на разьвіцьцё сыстэмы адукацыі, культуры, сацыяльнай службы.
Кацярына Загорская