У якасьці своеасаблівага “ўступнага ўзносу” у бестэрміновую кампанію ціску на слуг народу Чашніцкая раённая структура партыі прэзэнтавала свой досьвед процідзеяньня спробе губэрнатара Віцебскай вобласьці аднаасобна вырашыць пытаньне аб пераносе сталіцы раёну ў Новалукомаль. Пасьля агучваньня ім гэтай ідэі ў газэце “СБ” і БЕЛТА, сябры партыі сабралі больш за 300 подпісаў з патрабаваньнем да Савету Міністраў рэспублікі Беларусь паразумецца з народам… Калектыўны зварот ўрад пераадрасаваў Віцебскаму абласному Савету дэпутатаў і аблвыканкаму. Супакойлівы адказ прыйшоў па пошце ад намесьніка Косінца. Савет дэпутатаў маўчыць…
Камэнтуючы гэтую гісторыю, актывіст Мікалай Петрушэнка падкрэсьліў: “Віцебскі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў груба парушылі парадак разгляду калектыўных зваротаў. Закон абавязвае іх у гэткіх выпадках выяжджаць на месца і сустракацца з “падпісантамі”… Што тычыцца пазыцыі Савету дэпутатаў, то дэпутаты абавязаныя перш за ўсё вывучаць прычыны, якія спараджаюць такія звароты. Няўзброеным вокам бачна, што прычына канфлікту, што паўстаў паміж народам і чыноўнікамі, у ігнараваньні ролі і месца Саветаў дэпутатаў як самастойных і самадастатковых ворганаў дзяржаўнай улады. Прасьцей кажучы, у імкненьні генэрала Косінца аднаасобна вырашаць усе пытаньні без аглядкі на меркаваньне грамадзян і грамадзкасьці. Трэба дзякаваць аблвыканкаму за тое, што яны сваім адказам і сваімі мэтадамі працы далі нагоду сябрам партыі “Справядлівы сьвет” апратэставаць дзеяньні чыноўнікаў у судовым парадку”.
Крыніца: "Наш дом"