Супрацоўнікамі Аршанскага міжраённага аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласьці затрыманы грузавы аўтафургон, у якім перавозілася бытавая тэхніка. Жыхар Менскай вобласьці, які знаходзіўся за стырном аўтамабіля, ня змог прад’явіць на тавар (мультываркі, фотаздымачы, электрачайнікі і інш.) суправаджальныя дакумэнты, аформленыя належным чынам. Бытавая тэхніка (усяго - 93 адзінкі) коштам больш за 400 млн. рублёў арыштаваная і канфіскаваная.
Падчас высьвятленьня акалічнасьцяў супрацоўнікі фінансавай міліцыі выявілі, што бытавая тэхніка набывалася на аптовых складах у Маскве для далейшай рэалізацыі праз гандлёвыя кропкі беларускай сталіцы. Па гэтым факце распачаты адміністрацыйны працэс. Па выяўленых фактах ладзіцца далейшая праверка ў мэтах прыцягненьня вінаватых асоб да адказнасьці.
Крыніца: Камітэт дзяржаўнага кантролю