Субота, 08 Люты 2014

Узбуджаная крымінальная справа аб зрыве тэрмінаў мадэрнізацыі «Віцебскдрэву»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Канюк Аляксандар Канюк

За парушэньне тэрмінаў мадэрнізацыі ААТ «Віцебскдрэў» распачатая крымінальная справа, паведаміў генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк. Расьсьледаваньне гэтай справы ўжо распачатае, ідзе пракурорская праверка. Яна выявіць вінаватых у няўдалым абнаўленьні вытворчасьці, вызначыць суму нанесенай шкоды. Пракуратура вызначыць таксама, чаму мадэрнізаваны завод не запрацаваў ва ўстаноўленыя тэрміны.

«Ёсьць такая сыстэма практыкі пракурорскага нагляду, што мы распачалі па факце нанясеньня шкоды дзяржаве. То бок не ў дачыненьні да канкрэтных асобаў, а па факце, - патлумачыў Аляксандар Канюк. - Вось у рамках гэтай крымінальнай справы мы будзем шукаць вінаватых».

Аляксандар Канюк заявіў, што генпракуратура мае намер надаваць павышаную ўвагу пытаньням рацыянальнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў у краіне, а таксама барацьбе зь безгаспадарлівасьцю. Пры гэтым ён паабяцаў, што «ніякага паляваньня на ведзьмаў ня будзе».

31 студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб стане і пэрспэктывах разьвіцьця арганізацыяў канцэрну «Беллеспаперапрам». Ён рэзка раскрытыкаваў чыноўнікаў за зрыў тэрмінаў мадэрнізацыі «Віцебскдрэву» і запатрабаваў прааналізаваць шкоду ў межах крымінальнай справы.

Зьвяртаючыся да кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэя Кабякова, Лукашэнка даручыў: «Запрасіце генэральнага пракурора і даручыце ў межах крымінальнай справы разгледзець усе пытаньні і палічыць страты. Са мной узгадняць ня трэба. Калі трэба за кімсьці сачыць апэратыўна, саджаць у сьледчы ізалятар — саджайце».

Паводле «СБ-Беларусь сегодня» і БелаПАН