Панядзелак, 03 Кастрычнік 2022

Старшыня віцебскага абласнога Савета дэпутатаў прапанаваў праводзіць асобныя «Дажынкі» для навучальных устаноў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пакуль ідэалагічныя святкаванні праводзяцца толькі для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, прычым на Віцебшчыне – у самым розным маштабе. Сёлета прайшлі абласныя «Дажынкі» у Глыбокім, раённыя – у шэрагу райцэнтраў, і нават рэгіянальныя – у асобных аграгарадках і вёсках. Традыцыйна на падобных святах рапартуюць пра дасягненні працаўнікоў сяла, нават калі гэтыя дасягненні ўяўныя. І ўдаюць весялосць на фоне абсалютна невясёлых тэндэнцый падвышэння коштаў на прадукты харчавання і вырабы прамысловасці.

Набыць танней прадукты сельгасвытворчасці жыхары Віцебшчыны імкнуцца на так званых сезонных кірмашах. Адзін з такіх кірмашоў – гэта выстава-продаж «Восеньскі карагод», які прайшоў у абласным цэнтры ў мінулыя выходныя. Тут сваю прадукцыю, а найперш зерне, садавіну, гародніну і бульбу прапаноўвалі ўстановы адукацыі Віцебскай вобласці. Бо ў сучаснай Беларусі лічыцца нармальным, калі школьнікі, студэнты і навучэнцы каледжаў не толькі вучацца, але й працуюць на палетках навучальных установаў. Кошты на бульбу, мёд, саджанцы пладовых дрэваў на кірмашы «Восеньскі карагод» насамрэч былі меншымі за «базарныя», а заробленыя грошы пайшлі на рахункі адміністрацый удзельнікаў.

Кіраўнік ВАСД Уладзімір Цярэнцьеў заявіў у інтэрв’ю газеце «Віцьбічы», што ёсць сэнс праводзіць «Дажынкі» не толькі для працаўнікоў сяла, а яшчэ й для навучальных установаў, дзе выхаванцы таксама займаюцца вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі. І што на наступны год такія «Дажынкі» абавязкова адбудуцца. А гэта значыць, што ў штучнае спаборніцтва аграрыяў, якое не мае аніякага практычнага выніку, будзе ўцягнутае яшчэ адно, маладое пакаленне жыхароў вобласці.

Зрэшты, традыцыя выкарыстоўваць вучнёўскую моладзь для амаль што дармовай працы ў сельскай гаспадарцы бярэ пачатак з савецкіх часоў. Студэнцкія паездкі «на бульбу» і «на лён» добра памятаюць сённяшнія 50-60-гадовыя жыхары вобласці. І з часы іхнай маладосці ў сельскай гаспадарцы, няздольнай самастойна забяспечыць «перамогу» у «бітве за ўраджай», практычна нічога не змянілася. 3-га кастрычніка Аляксандр Лукашэнка загадаў, каб дзеля дапамогі вяскоўцам «мабілізавалі» студэнтаў, навучэнцаў установаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і нават школьнікаў. Гаворкі пра тое, што «мабілізацыю» трэба ўзгадняць з бацькамі непоўнагадовых, нават не паўстае. У адказ на тое, што ў некаторых навучальных установах школьнікаў забаронена прыцягваць да сельскагаспадарчых работ, ён заявіў: «Большай дзікасці я ўявіць не магу. Калі чалавек пойдзе і 5-6 гадзін папрацуе, гэта і бацькам радасць, і дзіцю добрая фізічная падрыхтоўка».

Феліцыян Красоўскі