Пятніца, 11 Ліпень 2014

Віцебскія прадпрымальнікі: Будуць душыць праверкамі – адновім страйк

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ірына Яскевіч Ірына Яскевіч

Страйк ІП ва ўсёй Беларусі прыпынены, але можа аднавіцца ў кожны момант. Пра гэта паведаміла каардынатарка аргкамітэту ў стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч. Яна адзначыла, што пастанова прадпрымальнікаў Віцебску і Гародні аб прыпыненьні страйку зусім ня значыць канец іх барацьбы за свае правы, а толькі яе пераход у іншую форму.

«Хутка мы будзем сустракацца з рэгіянальнымі актывістамі і паспрабуем стварыць грамадзкую арганізацыю, якую ня трэба будзе рэгістраваць і якая дазволіць падтрымліваць сувязь паміж усімі ІП Беларусі», - сказала яна.

Ірына Яскевіч дадала, што віцебскія прадпрымальнікі не атрымалі адказу ўладаў на звароты і патрабаваньні: «Пасьля падарожжа нашых папер з інстанцыі ў інстанцыю мы атрымалі адказ толькі на адно пытаньне - што працаваць з рэшткамі нашых тавараў мы можам. Але нават у гэтым адказе не зусім зразумела, якія патрабаваньні будуць да тых дакумэнтаў, якія павінны быць у нас», - канстатавала актывістка.

Яскевіч падкрэсьліла, што калі кантрольныя органы пачнуць татальныя праверкі з канфіскацыяй тавараў, то ІП Віцебску зноў спыняць працу: «Мы будзем сачыць за тым, якімі будуць праверкі. Мы не за анархію і разумеем, што трэба працаваць паводле законаў. Але калі рэйды будуць грунтавацца на незразумелых новаўвядзеньнях, то людзі, вядома, будуць закрывацца», - падсумавала яна.

Нагадаем, з 1 ліпеня 2014 году ў Беларусі ўвайшлі ў дзеяньне новыя правілы дзейнасьці прадпрымальнікаў. З гэтага дня пачаў дзейнічаць указ Лукашэнкі №222, які загадвае мець суправаджальныя дакумэнты і сэртыфікаты на ўвесь тавар. На знак пратэсту супраць новых правілаў індывідуальныя прадпрымальнікі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Баранавічах, Пінску і Сьветлагорску ня выйшлі на працу. ІП Менску страйк не падтрымалі.

P.S. Надоечы стала вядома, што ўжо з 22 ліпеня на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі пачнуцца масавыя праверкі ў сувязі з увядзеньнем закону «Аб дзяржаўным рэгуляваньні гандлю і грамадзкага харчаваньня ў Рэспубліцы Беларусь».

charter97.org