Панядзелак, 01 Верасень 2014

Краязнаўцы з Воршы і Лёзна ўшанавалі памяць паўстанца Ігната Будзіловіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ігнат Будзіловіч - паўстанец Каліноўскага - узначальваў Аршанскі паўстанцкі атрад. У вёсцы Пагосьцішча, якая знаходзіцца ў Лёзьненскім раёне, адбыўся апошні бой яго атраду. Сам кіраўнік атраду быў расстраляны ў Воршы, дакладнае месца пахаваньня знайсьці сёньня немагчыма. Адзіны помнік, зьвязаны з Ігнатам Будзіловічам, сёньня знаходзіцца менавіта ў Пагосьцішчы. Таму другі год запар аршанцы арганізоўваюць тут памінальную вечарыну 28 жніўня - дзень расстрэлу Будзілавіча.

Гэтым разам у Пагосьцішча прыехала і стваральніца помніку Лёзьненская краязнаўца Алена Іванаўна Грачышнікава. Менавіта яна 19 жніўня 2006 году разам з вучнямі школы, у якой тады выкладала, уласнымі рукамі паставіла помнік у гонар Будзілавіча і паўстанцаў яго атраду, якія загінулі ў тым баі. Праўда, помнік прыйшлося ставіць цэлых дзесяць гадоў. Першая спроба паставіць помнік скончылася тым, што камяні, сабраныя шкалярамі пры дапамозе калгасу, былі кімсьці расьцягнутыя. Праз 10 гадоў адбылася другая спроба паставіць помнік, і на гэты раз камяні ня толькі не былі расьцягнутыя, іх дапамагалі зьбіраць і мясцовыя жыхары. Мясцовы выканкам адвёў пляцоўку пад помнік на тым месцы, дзе была першая ў Лёзьненскім раёне царква.

Падчас імпрэзы ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніку, запалілі зьнічкі, чыталі вершы, у выкананьні Ўладзіслава Лепяшынскага было сьпета некалькі лірычных песень.

Крыніца: Орша.eu