Аўторак, 02 Май 2023

У Глыбокім да свята 1 траўня выцягнулі бюст Леніна ды іншую даўніну, пакрытую пылам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Глыбоцкім гарадскім Доме культуры прайшло мерапрыемства, прысвечанае Святу працы, якое адзначаецца ў Беларусі 1 траўня.

У фае Дома культуры працавала тэматычная выстава, падрыхтаваная работнікамі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея і Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. На ёй былі прадстаўлены экспанаты часоў Савецкага Саюзу, у тым ліку бюст Леніна, сцягі, старыя газеты, кнігі ды іншыя прадметы таго часу.

На свяце намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч у сваёй прамове выкарыстала лозунг: Мир! Труд! Май! Яна зазначыла, што гэтыя простыя, але ўсім зразумелыя словы і натхняюць людзей на новыя здзяйсненні. Паводле яе, абарона чалавека-працаўніка, яго інтарэсаў з'яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі.

«Сацыяльна-палітычная стабільнасць і грамадзянская згода ў грамадстве гарантуюць кожнаму чалавеку годнае жыццё і належныя ўмовы стваральнай працы», - сказала чыноўніца.

Вось толькі чыноўніца забылася згадаць, які на самой справе мір і згода пануе ў нашай краіне, як звальняюць масава глыбачанаў з прадпрыемстваў з-за іншых палітычных поглядаў,прыніжыючы іх годнасць, нягледзячы на тое, што ім засталося пару гадоў да пенсіі або нават тады, калі яны з’яўляюцца маці-адзіночкамі ці шматдзетнымі бацькамі. І, вядома, іх заносяць у так званы чорны спіс, пасля знайсці працу такім людзям у невялікім гарадку амаль немагчыма.

Высакапарныя словы чыноўнікаў і так званыя гарантыі – гэта ўсяго пусты звон для звычайных людзей. А вяртацца назад у СССР наўрад ці жадаюць разумныя людзі, якія ведаюць насамрэч гісторыю гэтай дзяржавы і тое, што адбывалася ў савецкі час. Няўжо чыноўнікі гэтага не разумеюць? Хаця, наўрад ці яны думаюць і клапоцяцца зараз сапраўды пра людзей. А пустазвоніць – гэта ж не фізічна працаваць.

Сяргей Азёрны