Ліквідатары чарнобыльскай аварыі, якія жывуць сягоньня ў Віцебску, на чале з былым начальнікам штаба аператыўнай групы ГА СССР па ліквідацыі наступстваў катастрофы на атамнай станцыі палкоўнікам у адстаўцы Анатолем Гнеўкам штогод праводзяць акцыю памяці ахвяр катастрофы. Гэткія самыя акцыі ладзяцца ў Воршы, Полацку і Наваполацку.
Варта адзначыць, што ні разу на мерапрыемства не прыходзілі прадстаўнікі гарадзкой і абласной улады. Але ўвесь час накіроўваліся да месца акцыі пераапранутыя вартавыя парадку.
Гэтым разам на мерапрыемстве прысутнічалі сябра КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў, сябра БНФ Кастусь Смолікаў, Вадзім Кузьмін (партыя «Справядлівы сьвет»), прадстаўнікі Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада»), некалькі вернікаў Віцебскай парафіі Грэка-Каталіцкай Царквы і іншыя жыхары Віцебску. Ян Дзяржаўцаў уручыў арганізатару акцыі Анатолю Гнеўку букет зь бел-чырвона-белых кветак і пажадаў здароўя усім чарнобыльцам Віцебшчыны.
Паводле freeregion.info
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/547-u-vitsebsku-ushanavali-pamyats-akhvyarau-charnobylskaj-avaryi#sigProId9fc67b37cf