Субота, 07 Май 2022

Віцебскія ўлады дазволілі прарасейскую акцыю «Несмяротны полк»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

9 траўня ў Віцебску пройдзе акцыя «Несмяротны полк». Арганізатары заахвочваюць удзельнікаў выкарыстоўваць літары «Z» і «V» – сімвалы расейскай агрэсіі ва Украіне. У гэты дзень у Віцебску пройдзе ўрачыстае шэсце, прысвечанае святкаванню 77-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У святочнай агульнагарадской калоне плануецца ўдзел і «Несмяротнага палку». У сваёй акцыі яны мяркуюць выкарыстоўваць георгіеўскія стужкі і сімвалы расейскай агрэсіі ва Украіне – лацінскія літары «Z» і «V».

«Калона «Несмяротнага палку» будзе ісці ўсярэдзіне агульнагарадской святочнай калоны – адразу за Саюзам афіцэраў. Знайсці нас можна па банеры «Несмяротны полк», каля яго будуць раздавацца гвардзейскія георгіеўскія стужкі ўсім ахвочым. Калона будзе рухацца ад плошчы Леніна да комплексу «Тры штыкі», – пішуць на сваёй афіцыйнай старонцы арганізатары акцыі.

Таксама яны папярэджваюць патэнцыйных удзельнікаў шэсця, што «недапушчальная бчб-сімволіка, недапушчальныя палітычныя акцыі», а можа быць выкарыстаная толькі савецкая сімволіка.

Эльвіра Мірсалімава, адна з асноўных арганізатараў шэсця «Несмяротнага Палку» ў Віцебску і апрапагандыстка «Руского міра» ў нашым горадзе, напісала на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, што будзе на шэсці са «стужкай у выглядзе сімвала Z». І запэўнівае ўдзельнікаў, што выкарыстанне літар «Z» і «V» на тэрыторыі Беларусі цалкам законнае.

«Ваенная спецаперацыя Расеі па дэнацыфікацыі на тэрыторыі Украіны – гэта не нейкая абстрактная з'ява. Расея і Беларусь знаходзяцца ў Саюзнай дзяржаве. Расейскія сімвалы па барацьбе з украінскім (і любым іншым) нацызмам, падтрыманыя на дзяржаўным узроўні РФ, на наш погляд, не могуць быць забароненыя ў саюзнай Беларусі», – піша Мірсалімава.

Але пры гэтым паведамляе, што не ведае, «як адрэагуюць віцебскія чыноўнікі на сімволіку «Z». І папярэджвае, што магчымыя правакацыі. Але паабяцала спыняць іх.

Віталь Аляксееў