Панядзелак, 07 Люты 2022

Полацкі актывіст Алесь Круткін ладзіць «Аўтаспын салідарнасці» па еўрапейскіх гарадах

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Жыхар Полацку Алесь Круткін, які атрымаў палітычны прытулак у Літве, адправіўся аўтаспынам па Еўропе, каб правясці ў буйных гарадах ЕЗ шэраг пікетаванняў. Актывіст хоча прыцягнуць увагу еўрапескіх палітыкаў і грамадскасці да пакутаў беларускіх палітзняволеных. Пра свае акцыі Круткін распавядае ў тэлеграм-канале «Еўрааўтаспын салідарнасці»

Падчас сваіх акцый, якія адбыліся ў Беластоку, Варшаве, Уроцлаве, Празе, Браціславе, Будапешце, Любляне, Вене, Маўтхаўзене, Зальцбургу, Мюнхене, Штутгарце, Карлсруэ, Люксембургу, Ліле, Брусэлі, Парыжы Алесь Круткін трымаў партрэты палітвязняў Мікалая Статкевіча і Яўгена Афнагеля. Грамадскі актывіст прайшоў ужо больш за палову запланаванага маршруту. У бліжэйшы час ён задумаў пабываць у некалькіх гарадах Францыі, Швейцарыі і Нямеччыны. Мяркуе даехаць да Гаагі і Амстэрдама.

Далей пасля правядзення акцый у Капенгагене, Стакгольме, Осла і Алесь плануе рушыцца ў Брандэнбург і Берлін. Пасля такім жа спосабам – аўтаспынам – вернецца ва Усходнюю Еўропу. На пароме пераплыве ў Фінляндыю, дзе і плануе завяршыць падарожжа салідарнасці.

Пра свае пікеты, незвычайныя выпадкі і прыгоды Алесь піша ў падарожным тэлеграм-канале «Еўрааўтаспын салідарнасці». Трэба сказаць, што гэты ТГ-рэсурс пакуль яшчэ не прызнаны беларускімі судамі экстрэмісцкім, таму каналам можна карыстацца без пагрозы апынуцца за кратамі.

Іван Чайка