«Назва „Барадулінкі“ – даніна павагі асобе і творчасьці народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Летні маркет „Барадулінкі“ – кірмаш вырабаў маладых майстроў хэнд-мэйду, выступ Андрэя Хадановіча, продаж сувэніраў і кніг, гарадзкая „фотасушка“, „Сьпеўны сход“, канцэрт гурту TonkiXod, паказ лепшых айчынных кароткамэтражак – усё гэта мусіць нагадваць пра асобу нашага земляка і творцы», – кажа каардынатар віцебскай Арт-базы Ўладзімер Булаўскі.
«Барадулінкі» працягваліся з 13:00 і да поўначы 27 чэрвеня. У мінулыя выходныя Віцебск адзначаў Дзень гораду, і вуліца Талстога стала на гэты час сапраўдным цэнтрам беларускага жыцьця.
Некаторыя іншыя сьвяточныя мерапрыемствы пакінулі ў гасьцей гораду і віцебскіх журналістаў даволі сумнае ўражаньне: прыкладам, па цэнтры Віцебску прайшло тэатралізаванае шэсьце, дзе побач праехаліся на конях князь Альгерд, мітычная княгіня Вольга і Аляксандар Неўскі, помнік якому прагнуць усталяваць віцебскія ўлады. А ззаду прайшла калёна «палонных немцаў» пад наглядам «узброеных чырвонаармейцаў», спартоўцы, маладыя ў шлюбных строях і «старыкі Хатабычы» зь піянэрамі ў чырвоных гальштуках.
Крыніца: Радыё Свабода
https://viciebskspring.org/news/akcyi/item/428-u-vitsebsku-prajshli-baradulinki#sigProId14a4e2dc32