Адгукнуліся ня толькі слухачы курсаў, але і дзевяціклясьнікі адной са сталічных школ. А лідэр гурту «Рэха» Андрусь Такінданг, які таксама далучыўся да талакі, дапамагаў ня толькі рыдлёўкай, але і сьпевамі.
Валянтэры прыбралі гнілыя яблыкі, што дываном заслалі зямлю ля дома Барадуліна, пафарбавалі агароджу. Усталявалі новыя стэнды, каб можна было тут жа прачытаць пра паэта і пабачыць яго фота. Два дзясяткі новых здымкаў зьявіліся і ў самім доме, іх разьмеркавалі па пакоях. На скрыжаваньні непадалёк усталявалі стэнд, які паказвае, куды трэба ехаць, каб убачыць, дзе жыў выбітны беларус.
Ля магілы Рыгора Барадуліна паставілі лаву, каб тым, хто прыйдзе ўшанаваць яго памяць, можна было прысесьці. Побач таксама ўсталявалі некалькі стэндаў.
«Мы мала што можам рабіць, пакуль дом не зьяўляецца музэем, – кажа Глеб Лабадзенка, арганізатар талакі. – З дазволу Валянціны Міхайлаўны мы толькі ўнесьлі невялікія ляканічныя дадаткі, якія можна лёгка прыбраць. Вядома, калі сям’я Барадуліна вырашыць зрабіць тут музэй, то ў мяне ёсьць шмат ідэяў, што можна дарабіць і як арганізаваць прастору.
Побач з домам расьце шмат яблынь, дзядзька Рыгор казаў, што гэта «маміны яблыні». Летась мастакі зладзілі тут пленэр, варта было б зрабіць падобныя мерапрыемствы рэгулярнымі. Сюды можна прывозіць школьнікаў, каб яны маглі пабачыць той жа габінэт, дзе Барадулін напісаў шмат сваіх вершаў. Таму калі будзе рашэньне сям’і зрабіць музэй, мне б вельмі хацелася паўдзельнічаць».
Пасьля Ўшачаў група накіравалася ў Бычкі, дзе месьціцца Музэй-сядзіба Васіля Быкава. Адзін з удзельнікаў талакі падарыў музэю тэлевізар, які прымацавалі да сьцяны ў пакоі. Цяпер наведнікі змогуць пабачыць цэлы архіў фота, а таксама відэазапіс экскурсіі сястры пісьменьніка Валянціны Быкавай, які зрабіў Глеб Лабадзенка. У доме разьвесілі шмат архіўных фотаздымкаў.
У музэй прывезьлі адрэстаўраванае крэсла, зь якім зьвязаная цікавая гісторыя: «Калі прыйшлі камуністы, то зь мясцовай панскай сядзібы зрабілі школу, дзе і вучыўся Васіль Быкаў. Потым гэтую школу зачынілі, і яе пачалі расьцягваць, – распавядае Глеб Лабадзенка. – Бацька Васіля Быкава прынёс дадому настаўніцкае крэсла і загадаў сыну, будучаму пісьменьніку, выразаць на сьпінцы ініцыялы БВХ – Быкаў Владзімір Хведаравіч. Каб думалі, што крэсла заўсёды і было ў доме».
Калі стварылі Музэй-сядзібу, сваякі Быкава прынесьлі гэтае крэсла, але яго не ўзялі. У крэсла не хапала ножкі, сьпінка была паламаная, не было сядзеньня, вось і вырашылі такое «ламачча» ня браць. Калі пра гэта даведаўся Сяргей Шапран, прапанаваў яго адшукаць. Крэсла знайшлося ў дрывотні братавай Быкава Антаніны Аляксандраўны, якая ў той час была загадчыцай музэю.
«Майстар Яўген Зарубайка ўзяўся яго аднавіць і зрабіў гэта бясплатна, – працягвае Глеб. – Сказаў, што гэта для яго гонар, таму што Васіль Быкаў быў любімым пісьменьнікам яго бацькі».
Гэтая талака – першая, якую зладзіла «Мова Нанова». Арганізатары спадзяюцца, што яна будзе не апошняй.
https://viciebskspring.org/news/akcyi/item/2007-movananoutsy-sa-shkolnikami-navyali-paradak-lya-doma-baradulina-i-navedali-dom-bykava#sigProIdd6a462303c
Настасься Роўда, Наша Ніва