Урачыстая цырымонія адкрыцьця акцыі адбудзецца 27 сакавіка. У гэты дзень на базе радзільні Наваполацкага цэнтральнага гарадзкога шпіталя пройдзе форум «Традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасьці як аснова нацыянальнай дэмаграфічнай бясьпекі Беларусі».
28 сакавіка ў лекцыйнай залі Наваполацку адбудзецца навукова-практычны сэмінар «Роля мэдыцыны і акушэраў-гінэколягаў ў вырашэньні дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі ва ўмовах 21 стагодзьдзя». Пройдуць майстар-клясы па кансультаваньні жанчын у сытуацыях крызыснай цяжарнасьці.
У межах тыдня незьдзяйсьненьня абортаў заплянавана правядзеньне агульнашкольных бацькоўскіх сходаў, на адкрытых пляцоўках Наваполацку і Полацку пройдуць вулічныя акцыі «Разам у абарону жыцьця» з удзелам моладзі, майстар-клясы па навучаньні валянтэраў папулярызацыі сямейных каштоўнасьцяў і прафіляктыцы залежнасьцяў, літаратурна-музычная гасьцёўня.
У мерапрыемствах возьмуць удзел прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і Віцебскага аблвыканкаму, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у прыватнасьці кіраўнік Цэнтру абароны мацярынства і сямейных каштоўнасьцяў БПЦ сьвятар Дзьмітры Грыцэнка, супрацоўнікі Міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям’я - Яднаньне - Айчына».
Акцыя «Разам - у абарону жыцьця» ладзіцца ў межах рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гг. Мэтай мерапрыемства зьяўляецца прыцягненьне шырокай грамадзкай увагі да пытаньняў сям’і, павелічэньня нараджальнасьці, скарачэньня колькасьці штучных абортаў, фармаваньня ў моладзі пазытыўнага стаўленьня да сямейных каштоўнасьцяў.
Крыніца: Собор.by