Нагадаем, на Валянціну Болбат яшчэ 29 красавіка верхнядзвінскімі міліцыянтамі было складзена некалькі пратаколаў па артыкуле 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапаганду такой дзейнасці) і частцы 3 артыкула 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Тады Верхнядзвінскі суд прысудзіў ёй 30 сутак арышту, міліцыянты адразу ў залі суда ўзялі яе пад варту. Але з жанчынай здарыўся гіпертанічны крыз, і яе адвезлі ў лякарню, дзе яна лячылася два тыдні.
Валянціна аспрэчыла гэтую пастанову суда ў Віцебскім абласным судзе. 22 траўня суддзя абласнога суда Святлана Іванова адмяніла рашэнне суда Верхнядзвінскага раёна.
Але на гэтым усё не скончылася, справу грамадскай актывісткі перадалі ў Наваполацкі суд, і 19 чэрвеня ў будынку Полацкага суда Валянціну Болбат засудзілі зноў. Прысуд выносіла сумнавядомая суддзя Наваполацкага суда Зінаіда Балаболава, якая і прызначыла ёй 30 сутак арышту.
Валянціна Болбат абскарджвала гэтую пастанову, але ўсё аказалася безвынікова, і зараз яна мусіць адседзець прысуджаныя ёй гэтыя 30 сутак.
Усяго грамадскую актывістку з Верхнядзвінска сёлета судзілі паводле арт.19.11 КаАП і 24.23 КаАП шэсць разоў.
Зінаіда Сокава