Пра небяспеку «экстрэмізму» работнікаў «Нафтана» яшчэ 19 красавіка строга папярэдзіў афіцыйны прафсаюз прадпрыемства. У газеце «Вестник «Нафтана» быў размешчаны пералік «галіновых» рэсурсаў, за падтрымку якіх прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Прафсаюз прадпрыемства настойліва параіў пачысціць свае старонкі ў сацыяльных сетках і месэнджарах.
Якраз тымі днямі на наваполацкіх прадпрыемствах «Нафтан» і «Палімір» адбыліся масавыя затрыманні: больш за 10 чалавек пакаралі арыштамі— ад 10 да 30 сутак, у асноўным за рэпосты (паводле артыкула 19.11 КаАП), а таксама за «несанкцыянаванае пікетаванне» (паводле артыкула 24.23 КаАП).
«Кіраўнікі праводзілі гутаркі ва ўсіх структурных падраздзяленнях, з большасцю размаўлялі нават асабіста. І каб ужо напэўна кожны работнік пачуў і быў у курсе адказнасці, былі раздадзеныя ўлёткі з усёй інфармацыяй. І што вы думаеце? Усё адно засталіся тыя, каму няма справы ні да сябе, ні да завода, ні да сваёй сям'і — яны ўпарта хочуць камусьці штосьці даказаць», — яшчэ праз колькі дзён напісаў «Вестник «Нафтана».
У сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» старонка газеты ўтрымлівае шмат публікацый, якія ганяць прадстаўнікоў дэмакратычнага руху і выстаўляюць падзеі жніўня 2020г. у скрайне негатыўным святле. Такім чынам адміністрацыя прадпрыемства спадзяецца паўплываць на свядомасць работнікаў разам з выкарыстаннем пагрозаў адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі.
Міхась Хмара