Пакуль вядомыя падрабязнасці толькі што да затрымання Алены Храмцовай. На падставе пастановы у межах расследавання крымінальнай справы «пра экстрэмізм» дома ў выкладчыцы быў праведзены ператрус, канфіскавана аргтэхніка. На жанчыну склалі пратакол паводле артыкула 19.11 КаАП( распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі) за падпіску на тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозга». У чым вінавацяць астатніх затрыманых, пакуль не вядома.
Гэта ўжо не першы выпадак ціску на выкладчыкаў ПДУ. Дацэнта , кандыдата гістарычных навук Віктара Якубава звольнілі з універсітэту 28 верасня 2021г. Афіцыйная прычына звальнення - «за прагулы», якія ўтварыліся, пакуль выкладчык адбываў адміністрацыйны арышт на 15 сутак, прысуджаны за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Пад ціскам адміністрацыі ў 2021г. быў вымушаны звольніцца Андрэй Вярыга, старшы выкладчык кафедры архітэктуры і кіраўнік аддзелу дызайну і кіравання брэндам ПДУ (Наваполацк). Напярэдадні ён быў пакараны за «незаконнае пікетаванне» штрафам памерам 20 базавых велічынь і арыштам на 11 сутак.
Гэтаксама, нібыта «за прагулы», з ПДУ быў звольнены прафесар, доктар гістарычных навук, этнограф Уладзімір Лобач. На ягоную думку, звальненне было наўпрост звязанае з уласнай грамадзянскай пазіцыяй, якую ён адкрыта сцвярджаў у сацыяльных сетках у жніўні-верасні 2020г.
Выкладчыкі ПДУ адзначаюць, што нецярпімасць да «іншадумства» стала выразна праяўляцца ў адміністрацыі ПДУ пасля прыходу на пасаду рэктара сенатара Алега Раманава, вядомага прыхільніка «русского мира».
Міхась Хмара