Такіх весак, спаленых разам з жыхарамі падчас акупацыі, насамрэч тысячы, калі не сотні, аднак прынята прыгадваць толькі пра адну. Прычым прыгадкі мусяць быць афіцыйнымі. Пенсіянера з Наваполацку, які на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» захоўваў відэаролік пра спаленне Хатыні, асудзілі да 7 сутак арышту якраз напярэдадні трагічнай даты. Суддзя Зінаіда Балаболава не разважала пра тое, наколькі спаленне Хатыні адпавядае тэме генацыду беларускага народу, якую ўвесь час мусіруюць ідэолагі і дзяржаўныя СМІ.
Галоўным аргументам на карысць таго, каб пакараць 70-гадовага новапалачаніна, для яе было тое, што відэаролік быў перапошчаны са старонкі «Мая краіна Беларусь», прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі. Падсудны тлумачыў, што гэтай акалічнасці не ведаў. Але вызначальным сталася тое, што прагляд відэароліка не меў абмежаванняў. Таму жыхара Наваполацку прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 19.11 КаАП).
Як толькі ен выйшаў з-пад арышту, у Наваполацку пачалі адзначаць спаленне Хатыні на афіцыйным узроўні. Гэтай падзеі прысвяцілі Адзіны дзень інфармавання. Так званая інфармацыйна-прапагандысцкая брыгада з чыноўнікаў гарвыканкама наведала наваполацкі хлебзавод, дзе выступіла перад працаўнікамі з дакладамі пра Хатынь і генацыд беларусаў. Намесніца начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Сцегашова разважала пра неабходнасць захавання памяці пра кожнага загінулага падчас Вялікай Айчыннай вайны, каб «увесь свет зразумеў, што будзе, калі сучасны фашызм перерасце ў нацызм». Чыноўніца падкрэсліла, што па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі была праведзена мадэрнізацыя мемарыяльнага комплексу ў Хатыні.
Пра генацыд беларускага народу работнікам прадпрыемства распавядаў намеснік пракурора Наваполацку Сяргей Шылько. Ен акцэнтаваў увагу на тым, што Генеральная пракуратура займалася расследаваннем фактаў злачынстваў фышыстаў на беларускай зямлі і выдала адмысловую кнігу на гэтую тэму.
Выглядае, што гістарычную памяць пра Вялікую Айчынную вайну «прыватызавалі» дзяржаўныя структуры, а простым людзям забаронена прыгадваць трагічныя падзеі такім чынам, якім яны лічаць патрэбным і вартым.
Міхась Хмара