Раніцай 14 снежня ў Віцебску былі затрыманыя трое асобаў, звязаныя з дзейнасцю гастрапаба ROK’I PUB. Гэта заснавальнікі ўстановы Ілля Кульман і Павел Пятрунін, а таксама нехта Ларкоў, імя і пасада якога пакуль не вядомыя. Паводле меркаванняў наведнікаў паба, адной з прычын затрымання мог быць нядаўні канцэрт беларускай спявачкі, якая выступае пад псеўданімам Iva Sativa (сапраўднае імя Яна Смаляга, яна жонка былога палітвязня Лявона Халатрана). Але, верагодна, канцэрт быў толькі нагодай для праверкі дзейнасці ўстановы. Як высветлілася пазней, УДФР распачаў справу за нясплату падаткаў. Найверагодней, што Уладзіміра Булаўскага як арганізатара канцэртнай дзейнасці ў Віцебску, таксама затрымалі ў межах гэтай справы.
Да гэтага арт-менеджара неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па «народных» артыкулах. У 2020-м годзе ён быў асуджаны да 8мі сутак арышту за парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (былы арт. 23.34 КаАП). У лістападзе 2021 года яго пакаралі 7-сутачным арыштам за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў па арт. 19.11 КаАП. У лютым 2022 года яго асудзілі на 15 сутак за несанкцыянаванае пікетаванне паводле арт. 24.23 КаАП. І па гэтым самым артыкуле сёлета ў ліпені-жніўні ён адбыў ужо 30 сутак арышту.
Таццяна Віктарава