На дзяўчыну склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Алена з гэтым ня згодная.
«Прыйшоў сьледчы: «Вы ўдзельнічалі ў пікеце, які арганізаваў Сяргей Ціханоўскі». Я кажу: «Я гуляла па горадзе і ўбачыла блогера, на якога падпісаная і якога паважаю. Я захацела зь ім паразмаўляць і падышла да яго. Але ж гэта не парушэньне нейкіх там законаў!» – расказала Алена Мірашнічэнка.
Суд пакараў дзяўчыну штрафам памерам 25 базавых велічынь (675 рублёў).
Напярэдадні ў судзе Воршы і Аршанскага раёну па 10 сутак арышту прысудзілі Аляксандру Андрэеву і Ільлі Ціханаву, таксама ўдзельнікам сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім. Сябры тут жа арганізавалі кампанію падтрымкі для арыштаваных.
«Учора ў судзе Воршы сабраліся каля 30-ці чалавек, і адразу пасьля суду людзі вельмі хутка самаарганізаваліся, пачалі прапаноўваць дапамогу, матэрыяльную падтрымку ў тым ліку. Знайшліся кіроўцы з машынамі, каб зьбіраць сродкі ад тых, хто гатовы ахвяраваць на перадачы і на падтрымку сем’яў», – распавёў аршанскі праваабаронца Ігар Казьмярчак.
За ўдзел у сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім яшчэ будуць судзіць жыхароў Полацку. Сустрэчы з блогерам у Полацку і Наваполацку адбыліся напрыканцы красавіка, і вядома, што прынамсі яшчэ два суды над удзельнікамі стрымаў пройдуць 21-га і 22-га траўня.
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!