Субота, 09 Май 2020

За ўдзел у стрыме Ціханоўскага затрыманы палкоўнік расейскай паліцыі ў адстаўцы

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Момант затрыманьня. Фота: Вольга Новікава Момант затрыманьня. Фота: Вольга Новікава

У вёсцы Прусы Пастаўскага раёна 8 траўня за ўдзел у стрыме Ціханоўскага затрымалі 49-гадовага Андрэя Новікава – былога супрацоўніка МУС РФ. Мужчыну адвезьлі ў Паставы і пасьля складаньня пратаколу паводле арт. 23.34 КаАП зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Пра гэта паведаміла жонка затрыманага Вольга.

Жанчына расказала, што ейнага мужа затрымлівалі тры супрацоўнікі Пастаўскага РАУС. Мужчыну ледзь ня гвалтам адвезьлі ў Паставы «на размову», якая скончылася затрыманьнем і зьмяшчэньнем у мясцовы ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). У міліцыі Вользе паведамілі, што муж будзе знаходзіцца ў ІЧУ аж да панядзелка 11 траўня. У панядзелак яго будуць судзіць.

Андрэя Новікава абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

«Я ня ведаю, што рабіць! Засталася адна з двума дзецьмі на руках: аднаму ўсяго 10 месяцаў, другое – з інваліднасьцю. І яшчэ гаспадарка ўся на мне…» – наракае Вольга.

Па словах жанчыны, яе муж сапраўды езьдзіў у Варапаева, калі туды прыяжджаў блогер Сяргей Ціханоўскі. «Але я ніяк не магу зразумець, у чым вінаватыя людзі, якія зь ім сустракаліся і якое там магло быць пікетаваньне? Людзі ж невінаватыя!» – упэўненая Вольга.

Яна ўдакладняе, што яе муж Андрэй Новікаў служыў раней у расейскім МУС, ён палкоўнік паліцыі на пэнсіі, займаў высокую пасаду начальніка УУС. Чатыры гады таму сышоў на пэнсію і пераехаў жыць у Беларусь. Мае грамадзянства РФ і від на жыхарства ў Беларусі.

Суд над Андрэем Новікавым адбудзецца ў Паставах 11 траўня. Дакладны час пачатку паседжаньня пакуль невядомы.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.