Як расказаў Барыс Хамайда, 2 чэрвеня ён атрымаў паведамленьне з Чыгуначнага РАУС Віцебску аб скасаваньні адміністрацыйнай справы ад 25 сакавіка. Зь якіх прычынаў справу спынілі – у паперы не тлумачылася.
“Мне стала цікава, і я схадзіў у РАУС, каб даведацца, чаму спынілі. Паглядзеў справу. Аказалася, міліцыянты некалькі разоў накіроўвалі яе ў адміністрацыйную камісію Чыгуначнага раёну і абодва разы ім яе вярнулі назад – з той прычыны, што недастаткова доказаў”, – патлумачыў Хамайда.
Распавёў, што ў другі раз міліцыянты далучылі да пратаколу сем фотаздымкаў, зробленых у розных ракурсах, на якіх Барыс Хамайда стаіць ля “сіняга дому” і трымае сьцяг Віцебску і плякат з цытатай Буніна (“Город Витебск древний и нерусский”).
Але камісіі, каб прыцягнуць Хамайду да адказнасьці, і гэтага аказалася мала. Міліцыянтам адказалі, што з тых фотаздымкаў зусім незразумела, у які час і ў якім месцы яны рабіліся, а таксама – хто канкрэтна парушаў заканадаўства. Больш доказаў міліцыянты не знайшлі і справу спынілі.
Барыс Хамайда паведаміў таксама, што супрацоўнікам Чыгуначнага РАУС не ўдалося давесьці да канца і справу, распачатую супраць яго 14 сакавіка (перад Днём Канстытуцыі). Адміністрацыйную справу скасавалі пасьля таго, як яе вярнулі ў РАУС на дапрацоўку з адміністрацыйнай камісіі, а дадатковых доказаў вінаватасьці Хамайды міліцыянты прад’явіць не змаглі.
Хамайда: Ну людзі ж там таксама не дурныя...
Тое, што апошнія справы супраць яго былі скасаваныя, сам Барыс Ханонавіч тлумачыць тым, што “і ў адміністрацыях сядзяць ня дурні”.
“Можа, нам падаецца, што зьмены недзе вельмі далёка. Але можа так апынуцца, што гэтыя зьмены недзе зусім побач. Ну людзі ж там таксама не дурныя, разумеюць жа, што трэба і далей будзе жыць. Прыйдзе новая ўлада, ну што ж – ім гэта залічыцца, я мяркую…” – кажа Барыс Хамайда.
Функцыі старшыні адміністрацыйнай камісіі пры адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску выконвае Марына Смолікава.
Адзначым, што адна адміністрацыйная справа, распачатая ў дачыненьні апазыцыянэра 30 красавіка, пакуль не скасаваная. Тады міліцыянтаў выклікала кіраўнічка крамы “Веста” №87 (вул. Леніна, 28), перад якой звычайна стаяў Барыс Хамайда. Цяпер ён распаўсюджвае беларускую сымболіку і літаратуру адразу за рогам гэтага ж будынку.
Зьміцер Міраш