10 снежня ў Міжнародны Дзень правоў чалавека праваабаронцы назвалі імёны тых, чыя штодзённая праца прымушае верыць: праўда і справядлівасць абавязкова перамогуць.Цяперашняя прэмія стала ўжо трынаццатай па ліку. У 2008-м годзе яе заснаваў «Праваабарончы альянс», з 2011 года прэмія ўяўляе інтарэсы і меркаванне ўсей беларускай праваабарончай супольнасці.Як і ў папярэднія гады, пераможцаў выбіралі ў трох намінацыях – «Праваабаронца года», «Журналіст года»і «Кампанія/ініцыятыва года».Сёлета прэмію вяла прадстаўніца Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звоскага Яўгенія Парашчанка. На адкрыцці цырымоніі ўручэння яна павіншавала ўсіх з Міжнародным днём правоў чалавека і падкрэсліла, наколькі важная, цяжкая і небяспечная сёння праваабарончая дзейнасць беларусаў.Лаўрэатамі ў намінацыі «Праваабаронца года» на гэты раз сталі актывістка ў сферы жаночых правоў, экс-кіраўніца грамадскай арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту Вольга Гарбунова; а таксама праваабаронцы Наста Лойка і Марфа Рабкова. Дзве з трох намінантак сёння, на жаль, прызнаныя палітвязнямі. Гаворка ідзе пра Вольгу Гарбунову і Марфу Рабкову.
Пераможцай намінацыі «Праваабаронца года» сёлета назвалі Марфу Рабкову - каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны». У зняволенні праваабаронца знаходзіцца ўжо больш за год. Не так даўно ёй прад'явілі канчатковыя абвінавачванні, па якіх яе будуць судзіць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя «народных» пратэстных артыкулаў (такіх як арт.293 і арт. 342) ёй ставяць таксама некалькі так званых «вісякоў» - шматгадовых злачынстваў, якія не раскрыла міліцыя. Дзяўчыне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.У намінацыі «Журналіст года-2021» прадстаўлены галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, журналіст Дзяніс Івашын і журналістка TUT.BY Алена Талкачова - усе трое намінантаў прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.Пераможцам намінацыі «Журналіст года-2021» назвалі Дзяніса Івашына - ён рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта Міжнароднай расследавальнай супольнасці InformNapalm з 2014 года, а таксама пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы час». Вядомы дзякуючы сваім расследаванням пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальныя забудовы ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі. Супрацоўнікі КДБ затрымалі журналіста 12 сакавіка за ўмяшанне ў дзейнасць міліцыі. Праходзіць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса. А 30 кастрычніка стала вядома, што Дзянісу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), і сёння яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
Дыпломы пераможцаў у дзвюх першых намінацыях атрымліваў юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Бо пераможцы - не на волі. Юрыст паабяцаў ўрачыста ўручыць дыпломы пераможцам, як толькі яны выйдуць на свабоду.У намінацыі «Праваабарончая кампанія / Иніцыятыва года-2021» лаўрэатамі былі названыя Маніторынг судоў валанцёрамі «Вясны»; ініцыятыва «Пішыце лісты» валанцёра Іллі Міронава, а таксама Міжнародны медыяпраект «Жнівень 2020».
Пераможцам названы медыяпраект «Жнівень 2020» - яго абвясцілі лаўрэаты леташняй прэміі Андрэй Ткачоў і Андрэй Стрыжак - валанцёры Bycovid-19. Медыяпраект «Жнівень 2020» вядомы тым, што публікуе сведчанні катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі пасля выбараў у Беларусі ў жніўні 2020-га, распавядаючы пра гэта людзям ва ўсім свеце.Мы віншуем усіх пераможцаў і спадзяемся, што хутка ўсе палітычныя зняволеныя будуць на волі.Нагадаем, арганізацыямі-сузаснавальнікамі прэміі з'яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звоскага, Камітэт «Салідарнасць», Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.