Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 10 снежня. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады перад рэферэндумам, які мае адбыцца, узрастаюць: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску 10 снежня затрымалі ураджэнца Гродна. Затрыманы 20-гадовы Павел Лінкевіч - бармэн мінскага Tesla bar. Вядома, што 10 жніўня 2020 года ён удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць вынікаў выбараў, піша канал "Права маюць".

Журналістцы Таццяне Смоткінай намеснік пракурора вынес папярэджанне

Да журналісткі Таццяны Смоткінай 10 снежня завітаў намеснік пракурора Глыбоцкага раёна Ян Сасноўскі. Мэта візіту — правядзенне прафілактычнай гутаркі з журналісткай, паведамляе “Новы Час”.

Журналістка Таццяна Смоткіна. Фота Радыё Рацыя.

Намеснік пракурора распавёў, за што і паводле якіх артыулаў цяпер могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Параіў азнаёміцца на дзяржаўным сайце са спісам экстрэмісцкіх СМІ і тэлеграм-каналаў, за распаўсюд інфармацыі з якіх можа пагражаць крымінальная адказнасць.

Па выніку Ян Сасноўскі даў журналістцы падпісаць паперу, што з ёй была праведзеная прафілактычная гутарка.

У Бабруйску «прыпынілі» дзейнасць тайм-клубу «1387»

Клуб закрылі ад 8 снежня, выпісалі яшчэ адзін штраф на 580 рублёў. Імпрэзы клубу часткова скасавалі, часткова пераносяць да партнёраў.

Тайм-клуб аб’ядноўвае вакол сябе актыўных гараджанаў і вядомы шматлікімі цікавымі культурнымі і адукацыйнымі ініцыятывамі і імпрэзамі. У кастрычніку ў гэтым клубе сілавікі ўчынілі пагром.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Затрыманні і ператрусы 10 снежня: хроніка палітычнага пераследу