Барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч накіраваў скаргу старшыні Мінскага абласнога суду Крайко В. П. на дзеянні суддзяў Мінскага абласнога суду В. І. Тулейка і суду Барысаўскага раёну С. С. Герасімовіча. Адначасова праваабаронца абскардзіў пастанову суду Мінскай вобласці аб адхіленні хадайніцтва аб аднаўленні тэрміну на абскарджанне пастановы суддзі Герасімовіча С. С. ад 30 кастрычніка мінулага года.
Нагадаем, 30 кастрычніка Алег Мацкевіч зладзіў пікет на цэнтральнай плошчы г. Барысава з патрабаваннем адстаўкі Міністра абароны і прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх вінаватых у смерці радавога А. Коржыча. У той жа дзень ён быў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічыняў за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства (ч. 2 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь). У залі суда праваабаронца заявіў аб тым, што будзе абскарджваць судовую пастанову і адразу пасля паседжання напісаў заяву аб вырабе матывацыйнай часткі.
4 лістапада, у суботу, напярэдадні працяглых выходных (6 лістапада быў аб’яўлены выходным, а 7 лістапада было дзяржаўнае свята) А. Мацкевічу патэлефанаваў сакратар судовага паседжання і прапанаваў забраць пастанову з гатовай матывацыйнай часткай. Праваабаронца спаслаўся на тое, што збіраецца ў паездку за мяжу і не мае магчымасці гэта зрабіць неадкладна, папрасіўшы даслаць дакументы поштай. У выніку пагадзіліся на тым, што судовую пастанову ён забярэ адразу пасля сканчэння выходных, 8 лістапада. Што і было ім зроблена праз некалькі дзён.
17 лістапада Мацкевіч зарэгістраваў скаргу на судовую пастанову ад 30 кастрычніка 2017 г.
“У той жа дзень мне патэлефанавалі з канцылярыі суду і прапанавалі напісаць заяву на аднаўленне тэрміну на абскарджанне, – распавядае праваабаронца.
– На наступны дзень я напісаў скаргу ў суд Мінскай вобласці, дзе ўказаў, што дзеянні і патрабаванні суддзі Герасімовіч пісаць заяву аб аднаўленні тэрміну абскарджання пастановы, з’яўляюцца незаконнымі. Гэтая скарга была далучана да справы аб адміністратыўным правапарушэнні. А ў вуснай размове суддзя С. Герасімовіч сказаў, што я мог забраць пастанову ў дзень, калі адбыўся суд, то бок 30 кастрычніка. Адпаведна, палічыў суддзя, дзесяцідзённы тэрмін на абскарджанне пастановы павінны адлічвацца ад 30 кастрычніка. Аднак суд у той дзень скончыўся прыкладна а 17.30 вечара і ні суддзя, ні ягоны сакратар, не прапаноўвалі атрымаць пастанову па справе аб адміністратыўным правапарушэнні на рукі ў той дзень. Я папрасіў скласці матывацыйную частку пстановы, але сакратар судовага паседжання прапанаваў напісаць адпаведную заяву, што я і зрабіў".
Згодна з ч. 1 арт. 12.4 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь пры паступленні заявы аб складанні матывацыйнай часткі пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні скарга можа быць пададзена асобай, якая звярнулася з такой заявай, цягам дзесяці сутак з дня атрымання копіі матывацыйнай часткі пастановы. Адпаведна, лічыць праваабаронца, тэрмін на абскарджанне пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні павінны быў лічыцца ад 9 лістапада і сканчвацца 18 лістапада. Скарга на пастанову па справе аб адміністратыўным правапарушэнні была пададзена у суд Барысаўскага раёну 17 лістапада 2017 г.
На думку Алега Мацкевіча, парушэння тэрмінаў абскарджання пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні ім дапушчана не было.
Праваабаронца лічыць, што дзеянні суддзяў Барысаўскага суду Герасімовіча С. С. і Мінскага абласнога суду Тулейка В. І., які адхіліў хадайніцтва аб аднаўленні тэрміну на абскарджанне судовай пастановы, з’яўляюцца незаконнымі, парушаюць патрабаванні ПВКаАП Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 12.4), а таксама яго канстытуцыйнае права на абарону правоў і свабодаў кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом у вызначаныя законам тэрміны (арт. 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
У скарзе старшыні Мінскага абласнога суду А. Мацкевіч просіць адмяніць пастанову суддзі Мінскага абласнога суду Тулейка В. І., аднавіць тэрмін на абскарджанне пастановы суддзі Герасімовіча С. С. ад 30 кастрычніка 2017 г., і прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці суддзяў Барысаўскага суду Герасімовіча С. С. і Мінскага абласнога суду Тулейка В. І. за парушэнне патрабаванняў заканадаўства пры ажыццяўленні правасуддзя.
Алег Мацкевіч лічыць, што дзеянні суддзяў Барысаўскага суду Герасімовіча С. С. і Мінскага абласнога суду Тулейка В. І., які адхіліў хадайніцтва аб аднаўленні тэрміну на абскарджанне судовай пастановы, з’яўляюцца незаконнымі.
Крыніца: Праваабаронца паскардзіўся на суддзяў за парушэнне заканадаўства пры ажыццяўленні імі правасуддзя