Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 7-8 снежня. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады перад рэферэндумам, які мае адбыцца, узрастаюць: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У актывіста з Салігорска Паўла Батуева, які адбывае 15-суткавы арышт, 7 снежня адбыліся новыя ператрусы ў межах крымінальных спраў (адна з іх узбуджана за абразлівы каментар па арт. 369 КК). Вядома, што на ператрусы яго самога прывезлі з ІЧУ.

Павал Батуеў
Павал Батуеў

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, раніцай 6 снежня ў сябе дома затрымлівалі сябра БСДП (Грамада), экс-кандыдат у дэпутаты парламента Дзмітрыя Яўстратава. Дома ў яго супрацоўнікі КДБ правялі ператрус і забралі на допыт. З яго ён выйшаў толькі ўвечары.

Раніцай 7 снежня ў Мазыры каля дома затрымалі яшчэ супрацоўніка НПЗ Віталя Прыко. Ён займае пасаду эканаміста дырэкцыі па рэканструкцыі і развіццю.

У Мінску сёння быў затрыманы Максім Бубовіч. Паведамляецца, што яго збілі, але не аказалі медычную дапамогу. Пасля затрымання яго даставілі ў Мачулішчанскі аддзел міліцыі Мінскага РУУС.

Таксама паведамляецца пра петатрусы з 3 снежня па ўсёй Беларусі ў незалежных назіральнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі ў 2020 годзе. 

Супрацоўніцу Акадэміі навук затрымалі і судзілі за свечку ў акне на гадавіну забойства Бандарэнкі 

Увечары 6 снежня затрымалі супрацоўніцу Акадэміі навук Наталлю Капыцька. Прычынай затрымання стала запальванне свечкі ў гадаваіну смерці Рамана Бандарэнкі 12 лістапада. Муж мінчанкі распавёў "Нашай Ніве" падрабязнасці:

«Наташу ўзялі за свечку ў акне ў памяць аб Рамане Бандарэнку. Цяпер яна на знакамітым Акрэсціна, — расказаў «Нашай Ніве» кампазітар Віктар Капыцька, муж Наталлі. — Яны прыязджалі на працу: Наталля працуе ў Акадэміі навук, старшы навуковы супрацоўнік, музыка, кандыдат мастацтвазнаўства. Але там яе не заспелі.

Выклікалі ў міліцыю, мы прыйшлі ўдваіх, паўгадзіны тлумачэнняў (я ў калідоры) — і арышт. Яны фоткалі ўсе вокны са свечкамі тады. Ездзілі і фоткалі. Так і патлумачылі». 

Суд прайшоў 7 снежня па скайпе, як кажа Віктар Капыцька. Наталлі прысудзілі 5 сутак арышту. Чаму затрымалі і судзілі менавіта Наталлю, да канца незразумела.

«Так, менавіта гэта я ўчора заявіў і спытаў у міліцыі, калі ўжо яны паведамілі аб затрыманні. Я ўласнік кватэры. Але іх гэта не цікавіла. Ім яна патрэбна была. А мяне пасля гэтага пытання адразу папрасілі выдаліцца», — кажа Віктар Капыцька.

У доме бацькоў журналісткі Юліі Матузавай прайшоў ператрус. На яе завялі крымінальную справу 

Юлія Матузава
Юлія Матузава

Раніцай 7 снежня з ператрусам прыйшлі да бацькоў былой журналісткі "Еўрарадыё" Юліі Матузавай у Наваполацку. Пра гэта яна напісала ў твітары. Сілавікі паведамілі бацькам, што на яе завялі крымінальную справу за дачыненне да каналу «Карнікі Беларусі». Юлія распавяла «Медыязоне», што нават ніколі не была на яго падпісаная і нічога туды не дасылала. Падчас ператрусу канфіскавалі тэхніку. Пры гэтым, пастанову на ператрус фатрагаваць забаранілі.

Палітзняволенаму Ігару Банцэру дадалі яшчэ 10 сутак ў ШІЗА

Пра гэта Б**сату паведамілі сваякі рок-музыкі. За што на гэты раз Ігара Банцэра змясцілі ў штрафны ізалятар — невядома. Першыя 10 сутак палітвязень атрымаў 25 лістапада за тое, што запісаў відэа «Медыязоне» пра ўмовы ўтрымання на «хіміі», дзе адбывае пакаранне, і паказаў, як яму праз краты перадаюць ежу. Гэта супрацоўнікі ПУАТ №9 палічылі парушэннем рэжыму.

Банцэр агулам са жніўня ў віцебскай папраўчай установе адседзеў у ШІЗА ўжо 70 сутак. Нагадаем, што Ігар адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Затрыманні і ператрусы 7-8 снежня Дапоўнена