Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна прымяняць крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах. Па дадзеных ПЦ «Вясна», у верасні судамі былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да не менш за 95 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах;
  • у месцах несвабоды на 1 снежня знаходзяцца 888 палітвязняў; іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца;
  • у следчым ізалятары па адвольных абвінавачаннях працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч; каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк; сябра ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка і валанцёрка «Вясны» Таццяна Ласіца асуджаныя адпаведна да трох гадоў і двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі;
  • у ізалятарах і калоніях працягваюць утрымлівацца 30 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях. Праваабаронцамі зафіксавана не менш за 275 затрыманняў. Усяго за лістапад суддзямі за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў, а таксама па адвольных абвінавачаннях за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” накладзена не менш за 12 штрафаў на агульную суму 630 базавых велічынь (18 270 беларускіх рублёў) і не менш за 81 адміністрацыйны арышт працягласцю ў 1 143 сутак;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі па палітычных матывах, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў пазбаўлення волі бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні;
  • 35 дзяржаў-сябраў АБСЕ ініцыявалі запуск Венскага механізма ў сувязі з сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі;
  • ПЦ «Вясна» атрымаў прэмію Марыён Дзёнхоф за міжнароднае разуменне і прымірэнне; пра гэта паведамляецца на сайце выдавецкай суполкі ZEIT.

Крымінальны пераслед пратэстоўцаў і іншадумцаў па палітычных матывах у Беларусі працягвае заставацца найбольш жорсткай формай рэпрэсій, распаўсюджваючыся на ўсё новыя грамадскія групы, захоўваючы масавы і паўсюдны характар.

ПЦ «Вясна» вядома пра 143 асуджаных па палітычных матывах да розных відаў пакарання на працягу лістапада.

Колькасць палітвязняў па стане на 1 снежня склала 888 чалавек і працягвае няўхільна расці.

8 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Брэста абвешчаны прысуд пятай групе абвінавачаных па справе аб “масавых беспарадках” у горадзе падчас падзеяў 9-10 жніўня мінулага года. Пра гэта пісала «Брэсцкая Вясна». Суддзя Аляксандр Семянчук пастанавіў прызнаць вінаватымі усіх дзевятнаццаць палітвязняў, якія праходзілі па справе, і прызначыць пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох з паловай да пяці з паловай гадоў.

У СІЗА працягваюць утрымлівацца па надуманых абвінавачаннях старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марыя (Марфа) Рабкова (ёй прад’яўленыя новыя цяжкія абвінавачанні), валанцёр «Вясны» Андрэй Чапюк.

3 лістапада Цэнтральны раённы суд Гомеля вынес прысуд па палітычна матываванай крымінальнай справе ў дачыненні да двух праваабаронцаў мясцовай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна». Кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка быў прысуджаны да трох, а валанцёрка Таццяна Ласіца – да двух з паловай гадоў калоніі. 18 праваабарончых арганізацый заклікалі ўлады Беларусі неадкладна адмяніць гэты абуральны прысуд і зняць усе абвінавачванні як з Судаленкі і Ласіцы, так і з пецярых іншых праваабаронцаў «Вясны», якія знаходзяцца за кратамі па палітычна матываваных абвінавачаннях.

Суд над Леанідам Судаленкам і Таццянай Ласіцай прайшоў у закрытым рэжыме на працягу ўсяго разбору. Абвінавачаных утрымлівалі ў металічнай клетцы, суддзя адмаўляў ім у хадайніцтвах, накіраваных на абарону канстытуцыйных правоў. Па крымінальнай справе ў якасці абвінавачанай праходзіла і валанцёрка Марыя Тарасенка. Дзяржабвінавачанне запатрабавала для яе пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Марыя была вымушана пакінуць Беларусь. Яе справу вылучылі ў асобную вытворчасць.

У сувязі з асуджэннем праваабаронцаў ПЦ «Вясна» выступіў з заявай, у якой заклікаў неадкладна адмяніць адвольны прысуд у дачыненні да Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы, вызваліць з-пад варты іншых сяброў і валанцёраў ПЦ «Вясна»; вызваліць іншых палітвязняў, пазбаўленых волі за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў, перагледзець прысуды іншых палітвязняў.

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях разгледзела скаргу, пададзеную ў абарону Сяргея Ціханоўскага па факце яго затрымання на перадвыбарным пікеце 29 траўня 2020 года і яго папярэдняга зняволення па крымінальнай справе, якія суправаджаліся парушэннем шэрагу яго фундаментальных правоў, і прыйшла да высновы аб тым, што пазбаўленне свабоды Сяргея Ціханоўскага з'яўляецца адвольным, беларускія ўлады павінны прыняць тэрміновыя меры для яго неадкладнага вызвалення, выплаты кампенсацыі за парушэнне яго правоў, і правесці расследаванне абставін, якія спадарожнічаюць яго адвольнаму пазбаўленню волі.

У Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада вынесены прысуд палітвязню, блогеру і актывісту анархісцкага руху Мікалаю Дзядку. Суддзя Анастасія Папко прызнала яго вінаватым па арт. 342, арт. 361, арт. 295-3 КК і прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у папраўчай калоніі. Мікалай не прызнаў віну па ніводным артыкуле. Год ён утрымліваецца пад вартай.

Мікола Дзядок быў затрыманы 11 лістапада 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС; пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліка МУС. Пасля затрымання яго адвезлі ў Мінск у ГУБАЗіК, дзе ён падвергся катаванням.

Парушэнні свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў.

У судах да гэтага часу выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступаў у жніўні 2020 года: у судзе Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада вынеслі прысуд 28-гадоваму палітвязню мінчуку Дзянісу Лазоўскаму. За ўдзел у акцыі пратэсту пасля выбараў 10 жніўня ў Мінску суддзя Таццяна Пірожнікава асудзіла яго па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў абмежавання волі. У гэты ж дзень у судзе Савецкага раёна Мінска суддзя Аляксандр Якунчыхін вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Ігара Каранеўскага за ўдзел у пратэстных выступленнях 9 жніўня 2020 года, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады. Усяго ў лістападзе асуджаныя больш за дзясятак удзельнікаў падзеяў, якія мелі месца ў Мінску непасрэдна пасля выбараў жніўня 2020 года.

У судзе Брэсцкага раёна 15 лістапада па «справе карагодаў» вынеслі прысуды адразу пятнаццаці берасцейцам. Іх усіх прызналі вінаватымі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 верасня мінулага года на «Маршы герояў» у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Людзей разагналі вадамётам, а затым узбудзілі крымінальную справу. 15 лістапада пятнаццаць чалавек (дзявятую і дзясятую групу абвінавачаных) асудзілі на тэрміны ад года абмежавання волі да паўтара года калоніі. Палітвязняў Ганну Баран і Уладзіміра Ганчарова, якія ўтрымліваюцца пад вартай, прысудзілі да паўтара года калоніі. Справу разглядала суддзя Кацярына Рамашка. Гэта адна з самых масавых палітычных справаў у гісторыі Беларусі — прысуды вынесеныя ўжо 102 асобам.

2 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзя Лідзія Цяліца вынесла прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Вадзіма Цагельніка. Яму ставілася ў віну абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК): у ліпені-лістападзе 2020 года абвінавачаны публікаваў у сацыяльных сетках заклікі да ўдзелу у акцыях пратэсту. Пакаранне – тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць “адпрацоўку” гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэстнай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты. За лістапад ПЦ «Вясна» вядома пра 140 затрыманняў.

Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах праходзяць разбіральніцтвы адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, рэпосты і каментары ў сацсетках, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

Напрыклад, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска суддзя Марыя Ярохіна прызначыла арышт на 15 сутак па ч. 1 арт. 24.23 КаАП Вадзіму Сарафанаву за тое, што той “у неўстаноўлены перыяд часу з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў несанкцыянаванае пікетаванне шляхам размяшчэння на люстэрку задняга віду ў аўтамабілі Land Rover стужачкі бел-чырвона-белай расфарбоўкі”.

У судзе Першамайскага раёна суддзя Анастасія Кулік разгледзела справу Арцемія Нікіценкі. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка “27 кастрычніка каля 13:35 у кавярні «Культура» з мэтай выказвання свайго негатыўнага стаўлення да дзейнай улады правёў пікетаванне, прадэманстраваўшы БЧБ-бранзалеты на руках з надпісам «Жыве Беларусь»”. Пакаранне – 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях. Праваабаронцамі зафіксавана не менш за 275 затрыманняў. Усяго за лістапад суддзямі за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў, а таксама па адвольных абвінавачаннях за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” накладзена не менш за 12 штрафаў на агульную суму 630 базавых велічынь (18 270 беларускіх рублёў) і не менш за 81 адміністрацыйны арышт працягласцю ў 1 143 сутак. Артыкул 19.11 КаАП, па якім караецца распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, усё часцей выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў.

Распаўсюджаным інструментам рэпрэсій зараз з'яўляецца пераслед па такіх крымінальных складах, як паклёп на прэзідэнта, абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 367, 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Па ўсёй тэрыторыі Беларусі праходзяць судовыя паседжанні па такіх абвінавачваннях.

18 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва вынеслі прысуд Сяргею Батуру. Мужчына быў асуджаны на падставе ч. 2 арт. 368 КК РБ (абраза прэзідэнта). Судовыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме. Суддзя Ксенія Нікіфарава прысудзіла яго да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.

24 лістапада суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна прыгаварыў 34-гадовага Андрэя Юркова да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за абразу Лукашэнкі па арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Юркоў знаходзіўся пад вартай з 8 лістапада 2021 года.

Улады выкарыстоўваюць іншыя абвінавачанні для падаўлення свабоды слова і выказвання меркаванняў: 12 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Алена Ананіч прысудзіла да чатырох гадоў калоніі 21-гадовага палітвязня студэнта 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслава Марціновіча, якога амаль год утрымліваюць пад вартай. Яго абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністравання Telegram-канала «Белыя халаты».

Муж і жонка Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева за перасланыя адзін аднаму навіны з Telegram-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, былі дзевяць разоў кожны паслядоўна асуджаныя да адміністрацыйнага арышту – за кратамі па адміністрацыйных артыкулах яны правялі без перапынку тры з паловай месяцы.

2 лістапада з чацвёртага адміністрацыйнага арышту з ІЧУ на Акрэсціна не выйшаў 57-гадовы Аляксандр Бембель. Па чатырох адміністрацыйных пратаколах ён адбыў у ізалятары 43 сутак. Раней у Першамайскім судзе Мінска яго судзілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

5 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі сайт і сацсеткі «Гарадзенскай Вясны».

Ціск на журналістаў і СМІ

У месцах пазбаўлення волі на канец лістапада 2021 г. знаходзіліся 30 прадстаўнікоў СМІ.

Журналістаў па-ранейшаму рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць іх і іх жыллё, падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійнага абавязку.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, зневажальнае абыходжанне

1 лістапада стала вядома, што ў жодзінскай турме №8 з моманту пераводу затрыманых за каментары па «справе Зельцэра» аб'явілі каранцін, у сувязі з якім вязняў абмежавалі ва ўсім. Дакладную дату заканчэння каранціну супрацоўнікі не назвалі. Па словах сваякоў, гэтае правіла тычылася толькі тых, каго затрымалі менавіта за каментары: палітвязням не перадавалі перадачы, да некаторых не пускалі адвакатаў. Зняволеныя больш за месяц сядзелі ў тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.

4 лістапада праваабаронцы «Вясны» ў інтарэсах затрыманых па «справе Зельцэра» звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па пытанні жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з імі пасля затрымання і падчас утрымання ў турме: па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытанні аб катаваннях і іншых формах бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання Нільса Мельцэра, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Айрын Хан, а таксама ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. 15 лістапада стала вядома, што каранцін у жодзінскай турме зняты.

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоваў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Праваабаронцам «Вясны» працягвае паступаць інфармацыя аб нечалавечых умовах утрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя па палітычных матывах утрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулак, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІПа не рэагуюць на скаргі аб прусаках у камерах, а хворых на COVID-19 часта не лечаць і не ізалююць ад здаровых людзей.

У жорсткіх умовах утрымліваюцца таксама зняволеныя па крымінальных справах; падвяргаюцца ціску і катаванням зняволеныя ў калоніях.

15 лістапада ў Мінгарсудзе затрымалі Таццяну Батуру. Яна хацела патрапіць на суд над палітзняволенай Вольгай Залатар. Але пасля кантролю перад залай суда яе затрымалі людзі ў цывільным. Доўгі час сваякі Таццяны не маглі знайсці яе, бо ў Фрунзенскім РУУСе казалі, што яе там няма. На наступны дзень у судзе Фрунзенскага раёна пачалі разглядаць адміністратыўную справу супраць дзяўчыны за дробнае хуліганства ў судзе (арт. 19.1 КаАП). Таццяна на судзе заявіла аб збіцці ў Фрунзенскім РУУС — яе ўдарылі галавой аб шафу, у шпіталі дыягнаставалі ўдар галавы, але суддзя Марыя Ярохіна заявіла, што "гэта не мае дачынення да справы" і арыштавала дзяўчыну на 15 сутак.

Гарантыі справядлівага суда. Пераслед адвакатаў

25 лістапада 2021 г. Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь праведзена атэстацыя адвакатаў тэрытарыяльных калегій адвакатаў, разгледжана пытанне аб спыненні дзеяння ліцэнзій на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці. Атэстацыю не прайшлі адвакаты Аляксеева Н.А., Бялоў А.Т., Ванцовіч Н.Л. У сувязі з прынятым 28 кастрычніка 2021 г. Кваліфікацыйнай камісіяй рашэннем аб немагчымасці выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі прыняты рашэнні аб магчымасці спынення дзеяння ліцэнзій у дачыненні да Варанковай І.У. і Петрашэвіча І.Я. Кваліфікацыйнай камісіяй таксама разгледжаны матэрыялы і прыняты рашэнні аб магчымасці спынення дзеяння ліцэнзій у адносінах да адвакатаў, да якіх дысцыплінарнай камісіяй Мінскай гарадской калегіі адвакатаў прыменены дысцыплінарныя спагнанні ў выглядзе выключэння з калегіі: Іванова С.В., Кероля А.Я., Лазавіка Д.А. , Мацкевіч Н.В., Пыльчанку Я.А.

Гэтыя выпадкі – яскравыя прыклады недапушчальнага ўмяшання органаў выканаўчай улады ў дзейнасць незалежнай адвакатуры.

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2021