У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля з 24 лістапада разглядаецца крымінальная справа супраць 49-гадовай Ларысы Кузьменка, якую ўтрымліваюць з сіндромам клаўстрафобіі ў СІЗА амаль чатыры месяцы. Жанчыну абвінавачваюць у гвалце ў адносінах да супрацоўніка АМАПу (арт. 364 КК) на нядзельным Маршы 27 верасня мінулага года ў Гомелі, калі супраць пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўвалі слезацечны газ і светлашумавыя гранаты. Згодна версіі абвінавачвання, Кузьменка схапіла за руку амапаўца, чым перашкаджала яму працаваць. Сёння пракурор Сідоранка запрасіў у суда пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады. Жанчына віну не прызнае і адмовілася ад дачы паказанняў, як на судзе, так і падчас следства. Справу разглядае суддзя Сяргей Салоўскі, які нядаўна адправіў у калоніі вясноўцаў Леаніда Судаленку і Таццяну Ласціу. Згодна версіі абвінавачвання, Ларыса Кузьменка 27 верасня ў 15.30 знаходзілася на вуліцы Савецкая, з’яўлялася ўдзельніцай масавага мерапрыемства, якое праводзілася ў парушэнне існуючага парадку яго правядзення. Яна дзейнічала «па матывах палітычнай варожасці, з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніка атрада міліцыі асобага прызначэння АУС Гомельскага аблвыканкаму, які дзейнічаў у адпаведнасці са службовымі інструкцыямі і нёс ахову грамадскага парадку». Кузьменка разумела, што перад ёй знаходзіцца супрацоўнік унутраных спраў у форме і мела намер прычыніць шкоду камандзіру ўзвода баявога прызначэння АМАПу Пятрову П.П. Таму, выкарыстала гвалт у дачыненні да Пятрова: «выкарыстоўваючы грубую фізічную сілу, схапіла за руку Пятрова і ўтрымлівала яе каб калона пратэстоўцаў магла бесперашкодна прайсці. Потым яна апусцілі яго руку долу, тым самым змясціла пацярпелага з месца. Такім чынам пазбавіла яго фізічнай магчымасці выконваць яго службовыя абавязкі. Прычыніла Пятрову пабоі і фізічны боль. Такім чынам, Кузьменка здзейсніла гвалт над супрацоўнікам міліцыі, каб перашкодзіць яго законнай дзейнасці».

Падчас Маршу пратэсту ў Гомлі 27 верасня
Падчас Маршу пратэсту ў Гомлі 27 верасня

У чым абвінавачваюць жанчыну?

Віну Ларыса не прызнала.

У СІЗА з сіндромам клаўстрафобіі: дачка гамяльчанкі распавяла гісторыю затрыманай за нядзельны Марш

У Ларысы дыягнаставанае дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі, таму ў СІЗА ёй асабліва цяжка: сваю камеру яна называе "газавай".  Дагэтуль яна не змагла прызвычаіцца да такіх умоваў. Пры гэтым жанчына імкнецца лістамі падтрымліваць сваю дачку і рабіць прыемнае трохгадоваму ўнуку: яна дасылае канверты, якія вырабляюць з дапамогай бульбянога пюрэ замест клею, піша ўнуку казкі і стварае малюнкі, напрыклад, "знайдзі 10 адрозненняў". Дачка Ларысы Аліна распавяла "Вясне" гісторыю сваёй маці.

Што адбылося 27 верасня ў Гомелі?

Нагадаем, 27 верасня мінулага года ў некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, прайшоў традыцыйны нядзельны Марш. На 50-ы дзень пратэстаў беларусы выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з сакрэтнай інаўгурацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманні, але больш за ўсіх у той дзень сваёй жорсткасцю вылучыліся гомельскія сілавікі. 

Пасля абеду ў цэнтры Гомеля, ля будынка цырку, сабраліся больш за сотню пратэстоўцаў. Яны атачылі фантан, вадзілі карагод і спявалі песні. Потым перайшлі на іншы бок вуліцы Савецкая. У раёне гарадской лазні на іх шляху сталі супрацоўнікі АМАП. Там і адбылося сутыкненне, падчас якога міліцыя ў Гомелі ўжыла ў дачыненні да пратэстоўцаў слезацечны газ і светлашумавыя боепрыпасы. 

У той дзень была затрыманя Ларыса Кузьменка. За ўдзел у Маршы "Народная інаўгурацыя" суддзя суда Навабеліцкага раёна Гомеля Казлоў асудзіў Ларысу на сем сутак арышту. Пасля абвяшчэння рашэння Ларысе зрабілася дрэнна. Жанчыну адвезлі ў РАУС Навабеліцкага раёна і там выклікалі "хуткую". Паводле словаў дачкі, у яе здарыўся нервовы зрыў, яна ўжо больш за дзесяць гадоў назіраецца ў лякарні. З РАУС яе адвезлі ў псіхіятрычную лякарню, дзе яна прабыла два месяцы. Як кажа дачка Ларысы, яна мае псіхіятрычны дыягназ — дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі.

Калі Ларыса Кузьменка ляжала ў лякарні, то тры разы абскарджвала пастанову аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці. У выніку ёй скарацілі арышт на трое сутак. Але ў ІЧУ адбываць рэшту адміністрацыйнага арышту — трое сутак — жанчыну так і не забралі. Яна працягвала працаваць на "Гомельшпалеры" і весці звычайны лад жыцця.

Другі раз Ларысу затрымалі сёлета ў жніўні — ужо паводле крымінальнага артыкулу. 6 жніўня супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дадому і спыталі, дзе Ларыса Кузьменка. У той момант яна была на працы. Дачка мяркуе, што на "Гомельшпалеры" яе і затрымалі. Пасля гэтага Ларысу павезлі дадому на ператрус.

За падзеі 27 верасня мінулага года на Маршы 9 жніўня ёй прад'явілі абвінавачванне за гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК).

Што кажа абінавачваная на судзе?

Ларыса Кузьменка ў судзе. Фота:
Ларыса Кузьменка ў судзе. Фота: "Гомельская вясна"

Ларыса Кузьменка віну не прызнала. Калі давала паказанні плакала і казала вельмі ціха:

«У абвінавачанні сказана тое, што я ніколі не рабіла. Я не ішла ў калоне ўдзельнікаў масавага мерапрыемства па вуліцы Савецкай. Я знаходзілася на Савецкай з боку цырка».

Ад дачы далейшых паказанняў Ларыса адмовілася. Падчас следства яна таксама паказанняў не давала.

Як пацярпеў міліцыянт?

Пацярпелы супрацоўнік АМАП Пятроў (прозвішча несапраўднае – «супрацоўнік легендызаваны») на суд не прыйшоў, бо знаходзіцца на бальнічным. У судзе была зачытана заява пацярпелага з просьбай разглядзець крымінальную справу ў яго адсутнасць.

Абаронца Кузьменкі Фаменка выказалася супраць  разгляду справы ў адсутнасць пацярпелага, бо для ўсебаковага разгляду акалічнасцяў справы ёй неабходна задаць яму пытанні.

“У справе ёсць тры допыты пацярпелага і яны супярэчлівыя. Каб ухіліць супярэчнасці трэба дапытаць у судзе пацярпелага. У заяве пацярпелага не ўказана, што хвароба сур’ёзная, працяглая”, – заявіла адвакатка.

Таксама адвакаткавыказалася, што яна не разумее на якой падставе пацярпелага залегендавалі. Няма аніякіх фактаў, што Кузьменка яму пагражала і з-за гэтага ўзнікла патрэба яго легендаваць.

У сваіх паказаннях на першым допыце міліцыянт расказвае, як 27 верасня, у той момант, калі ён перакрываў шлях калоне, нейкая «жанчына ў бэжавым паліто» нанесла яму ўдар локцем. Ён «адчуў боль у плячы», ад гэтага апусціў руку, і натоўп прарваў ачапленне. На другім допыце супрацоўнік АМАП казаў, што «мужчына ў чорнай масцы» «тузаў мяне ззаду за бронекамізэльку, дзе замацаваныя спэцсродкі і зброя». Той мужчына ўцёк. На трэцім допыце міліцыянт казаў, што быў яшчэ «мужчына пажылога веку», які «хапаў за руку», і была жанчына «з БЧБ-сцягам на плячах», якая «ці адцягвала таго мужчыну, ці дапамагала гэтаму мужчыну». На трэцім допыце з'явілася і «незнаёмая мне цёмнавалосая жанчына ў акулярах і ў масцы», якая «схапіла мяне за руку і павісла на ёй», чым прычыніла фізічны боль.

У гэтай жанчыне ён апазнаў па пашпартнай базе Ларысу Кузьменка.

2 снежня ў судзе адбыліся судовыя спрэчкі па справе. Пракурор Сідоранка запрасіў для Ларысы Кузьменка пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады.

Падтрымаць Ларысу лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: 

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Кузьменка Ларыса Міхайлаўна

Крыніца: У Гомелі пракурор просіць пазбавіць волі на 2 гады жанчыну з сіндромам клаўстрафобіі