Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 29-30 лістапада і 1 снежня. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Пераслед 1 снежня

Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Ад самай раніцы 1 снежня па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы. На дадзены момант праваабаронцам «Вясны» вядома пра вобшукі ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целепуна, у актывістаў з Віцебска Уладзіміра Кійко і Мікалая Качурца, а таксама ў крычаўскага журналіста Сяргея Няроўнага. У Гомелі прыйшлі да журналісткі Ларысы Шчыраковай, а пасля ператрусу яе павезлі на допыт.

Акрамя гэтага, ад 7 раніцы праходзяць масавыя ператрусы ў Мінску. Па інфармацыі праваабаронцаў, з вобшукамі прыйшлі мінімум да 10 чалавек.

Сёння з самай раніцы быў ператрус у гродненскай блогеркі-журналісткі "Надзін". Цяпер яна затрыманая ў якасці сведкі па нейкай перапісцы.

У праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна праводзяць ператрусы на лецішчы і ў кватэры 

Уладзімір Целяпун

Сталі вядомыя падрабязнасці ператрусу ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна. Раніцай супрацоўнікі міліцыі правялі вобшук на лецішцы Уладзіміра, а цяпер паехалі на яго кватэру. Тэхніку пасля ператрусу не забіраюць, а толькі значыкі «Вясны», кнігі, паштоўкі і плакаты.

Прадстаўнікі якога ведамства праводзіць ператрус — пакуль невядома.

Пераслед 29-30 лістапада

Людміла Хлусевіч.

Хворая на анкалогію пенсіянерка Людміла Хлусевіч, супраць якой распачалі другую крымінальную справу за абразу сілавіка ў інтэрнэце, 30 лістапада пайшла на допыт у міліцыю і не вярнулася. Дзяжурны ў Рэчыцкім АУСе паведаміў, што жанчыну адвезлі ў шпіталь. Але ў прыёмным аддзяленні мясцовага шпіталю сказалі, што такая пацыентка не паступала, паведамляе "Гомельская вясна".

Раней Людміла ўжо была асуджана на два гады «хатняй хіміі» за абразу міліцыянта ў «Аднакласніках».

Дзяўчыну, якую затрымалі перад судом над Вольгай Залатар, не выпусцілі пасля 15-сутачнага арышту і зноў затрымалі

32-гадовую Таццяну Батуру затрымалі 15 лістапада ў Мінгарсудзе, калі яна хацела патрапіць на першы судовы працэс па справе палітзняволенай Вольгай Залатар. У Фрунзенскім РУУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП за «хуліганства ў судзе». На судзе Таццяна заявіла пра збіццё ў Фрунзенскім РУУСе — яе ўдарылі галавой аб шафу, у бальніцы ёй дыягнаставалі ўдар галавы. Але негледзячы на гэта, суддзя Марыя Ярохіна арыштавала дзяўчыну на 15 сутак.

30 лістапада днём Таццяна мусіла выйсці на волю, але сваякі і сябры так яе і не дачакаліся. Пазней стала вядома, што дзяўчыну з Акрэсціна завезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна на «прафілактычную гутарку». Хаця пасля першага суда над Таццянай яе адвакат адправіў ва ўсе РУУСы Мінска заяву пра тое, што Таццяна Батура адмаўляецца ад правядзення прафілактычнай гутаркі з ёй. На якой падставе зноў затрымалі дзяўчыну — невядома. У РУУСе Фрунзенскага раёна паведамілі толькі, што 1 снежня над ёй мусіць адбыцца суд.

30 лістапада ў Століне пасля ператрусу затрымалі Веру Сімончык

У Маладзечне 30 лістапада затрыманая Міхаіл Каржаўнескі. Па папярэдняй інфармацыі, у межах крымінальнай справы па арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) за каментар у сацсетках пра загінулых расійскіх вайскоўцаў.

29 лістапада ў Віцебску затрыманы Сяргей Скварцоў. Яго вінавацяць па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Прызнанне медыя-матэрыялаў эстрэмісцкімі

Інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «ЧП Беларусь» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Таксама сайт «Беларускі партызан» і ўсе яго сацсеткі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэнне аб гэтым прынятае яшчэ 12 лістапада рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Аднак толькі цяпер звесткі аб гэтым з'явіліся на сайце Мінінфарма.

Ініцыятывы «Кібер-партызаны», «Супраціў», «Дружыны народной самаоабароны — ДНС» і «Буслы ляцяць» прызнаныя тэрарыстычнымі ў Беларусі

Улады зусім не каментуюць акцыі вышэй названых арганізацый, але ў выніку прызналі іх тэрарыстычнымі.

Палітвязня Іллю Трахтэнберга ў калоніі пазбавілі трох спатканняў

Бацька палітвязня Віталь Трахтэнберг на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што адміністрацыя папраўчай калоніі №15 пазбавіла Іллю працяглага спаткання. Прычына: хлопец пакінуў сушыцца ручнік на куце "нары".

Акрамя гэтага, раней палітвязня ўжо пазбавілі двух кароткатэрміновых спатканняў і не ўручылі вітамінную перадачу.

Ілля Трахтэнберг — фігурант «справы студэнтаў», быў адлічаны з другога курса матэматычнага факультэту БДУ. 16 ліпеня суд Савецкага раёна Мінска пакараў палітвязня 2,5 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.

На волю не выйшаў муж журналісткі Слаўнікавай — Аляксандр Лойка

З ЦІП на Акрэсціна ён мусіў выйсці 28 лістапада ў 12:05, але гэтага не адбылося. Яго арыштавалі па арт. 24.3 КаАП на 15 сутак.

Нагадаем, Аляксандру і Ірыну затрымалі 30 кастрычніка. Пазней стала вядома, што журналістка стала падазраванай паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны удзел у іх»).

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Затрыманні і масавыя ператрусы: хроніка пераследу на гэтым тыдні Дапоўнена