Будынак Еўрапарламента ў Страсбургу. 30 лістапада дэпутаты Еўрапарламента і запрошаныя выступоўцы абмеркавалі юрыдычныя інструменты прыцягнення да міжнароднай адказнасці людзей, адказных за цяжкія злачынствы ў галіне правоў чалавека.

Гэта мерапрыемства стала трэцім пасяджэннем платформы Еўрапарламента па барацьбе з беспакаранасцю ў Беларусі. Удзельнікі разгледзелі магчымыя варыянты рэагавання міжнароднай супольнасці на падзеі ў Беларусі, дзе з 2020 года працягваюцца жорсткія рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

У прыватнасці, удзельнікі спыніліся на выкарыстанні універсальнай юрысдыкцыі для расследавання і судовага пераследу злачынстваў, учыненых беларускім рэжымам, а таксама магчымай ролі такіх інстытутаў, як Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд.

Сярод запрошаныя гасцей былі Аліна Стэфановіч, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і жонка зняволенага намесніка старшыні «Вясны» Валянціна Стэфановіча, Мар'яна Кацарава, каардынатарка Аддзялення УВКПЧ па экспертызе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Кейт Вігнесваран, старшая пракурорка Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці, Яўгенія Андрэюк, экспертка па правах чалавека Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і інш.

Платформа па барацьбе з беспакаранасцю ў Беларусі была створаная 26 сакавіка сябрамі падкамітэта па правах чалавека, камітэта па замежных справах і дэлегацыямі па сувязях з Беларуссю і Парламенцкай асамблеі Еўранест. Яе мэтай з’яўляецца вывучэнне магчымых інуструментаў падтрымкі дэмакратычных сілаў у Беларусі, а таксама ацэнка варыянтаў рэакцыі ЕС на жахлівыя злачынствы дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі.

Ва ўступным слове старшыня падкамітэта па правах чалавека Еўрапарламента Марыя Арэна ўзгадала лідараў “Вясны” Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча, якія з сярэдзіны ліпеня знаходзяцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, а таксама пяцерых іншых “вясноўцаў” у зняволенні. Яна падкрэсліла, што інфармацыя пра затрыманых вельмі абмежаваная і далёка не ўсё вядома пра умовы іх утрымання і сутнасць абвінавачванняў.

Аліна Стэфановіч падчас свайго выступа адзначыла: 

"Лісты ад зняволеных "вясноўцаў" прыходзяць нерэгулярна, як відавочна і яны не атрымоўваюць усе пасланні з розных куткоў свету. Але “Вясна” не спыняе сваю дзейнасць ні па адным з накірункаў: ад траўня 2020 года па цяперашні час праваабаронцы зафіксавалі больш за 37 000 фактаў адвольных затрыманняў, было задакументавана каля 1500 выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з затрыманымі, палітычнымі зняволенымі прызнана амаль 900 чалавек. "Вясна" працягвае пастаянны маніторынг судовых разбіральніцтваў па палітычна матываваных крымінальных справах, аналізуе сабраныя звесткі і прадастаўляе справаздачы ў міжнародныя органы". 

У Еўрапарламенце абмеркавалі інструменты міжнароднай адказнасці за злачынствы ў Беларусі

Крыніца: У Еўрапарламенце абмеркавалі інструменты міжнароднай адказнасці за злачынствы ў Беларусі Відэа