Андрэй Аўсіевіч. Фота: Гродно-Лайф У Гарадзенскім абласным судзе 26 лістапада працягнуўся разгляд крымінальнай справы Андрэя Аўсіевіча. Дагэтуль яго вінавацілі у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і арт 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Пасля працяглага перапынку ў працэсе Аўсіевічу вылучылі новае абвінавачванне.

Дзяржабвінаваўца Людміла Герасіменка палічыла, што яго каментары ў Telegram-канале пра далейшы  лёс супрацоўнікаў міліцыі падпадаюць пад дзеянне артыкула аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або (ч.1 арт. 130 КК — да пяці гадоў пазбаўлення волі).

Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі, дзяржабвінаваўца – пракурор Людміла Герасіменка.

У якасці пацярпелага выступае супрацоўнік міліцыі, участковы Максім Чарткоў.

Андрэй віну па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса не прызнаў і адмовіўся ад дачы паказанняў.

Андрэй Аўсіевіч: “Нікога на групы не дзяліў, да гвалту і забойстваў не заклікаў!"

Андрэй Аўсіевіч нарадзіўся ў Гродна, у шматдзетнай сям'і святара, скончыў ліцэй, адслужыў у арміі. Пасля паехаў на заробкі ў Славакію, адтуль вярнуўся, працаваў на мясакамбінаце. У апошні час ажыццяўляў догляд за хворым бацькам.

Суддзя Рачынскі па прапанове пракурора яшчэ 3 верасня накіраваў асобныя матэрыялы справы на дадатковую лінгвістычную экспертызу. Эксперт адказаў, што даць пра гэта заключэнне не ўяўляецца магчымым.

19 лістапада, калі было прызначана новае паседжанне, яно зноў не адбылося па прычыне немагчымасці пацярпелага  ўчастковага інспектара аднаго з раёнаў Гародні Максіма Чарткова прысутнічаць у судзе.

Таксама Андрэя працягваюць судзіць па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Віну па гэтым артыкуле ён часткова прызнаў.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 3 снежня, пачатак у 10.00.

Андрэй Аўсіевіч. Фота: hrodna.life

Крыніца: Гарадзенцу Андрэю Аўсіевічу выставілі новае, больш жорсткае абвінавачанне