Аляксандр з маці пасля суда 24 лістапада 2021 года ў судзе Цэнтральнага раёна вынесены прысуд 30-гадоваму мінчуку Аляксандру Лянько. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Мужчыну вызвалілі ў залі суда. Падчас паседжання Лянько знаходзіўся пад вартай ў кайданках. Яго затрымалі 25 жніўня 2021 года.

Таксама суддзя вынесла прыватную пастанову па месцы працы мужчыны праз недастатковую прафілактычную работу. Пазоў Мінсктранса пакінуты без разгляду, ён можа разглядацца ў асобнай грамадзянскай вытворчасці.

Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў Цімафей Нічыпарук.  

"Рухаўся ў калоне, аб'яднаўшыся рукамі з іншымі асобамі"

Згодна з абвінавачаннем, 9-10 жніўня 2020 года ён прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: на праспекце Машэрава публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, накіраваныя на доўгі парушэнне спакою грамадзян, рухаўся ў калоне, аб'яднаўшыся рукамі з іншымі асобамі.  Ён неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама наўмысна перашкаджаў руху транспартных сродкаў.

"Не быў згодны з падлікам галасоў на выбарах"

Аляксандр Лянько прызнаў віну. Ён распавёў, што дзявятага жніўня каля 20 гадзін накіраваўся ў горад, бо не быў згодны з падлікам галасоў на выбарах. Ён з сябрамі даехаў да ГЦ "Карона", а потым пешшу пайшоў да Стэлы: там было ўжо некалькі тысяч чалавек. Аляксандр бачыў людзей з БЧБ-сцягамі, але ў яго не мелася сімполікі, ён не пляскаў у далоні і не выкрыкваў лозунгі. Мужчына пацвердзіў, што ўдзельнічаў у счэпцы каля пяці хвілін.

Ён разумее, што знаходзіўся там без дазволы, і дзеянні з невыяўленымі асобамі маглі пацягнуць за сабой парушэнне працы транспарту. Але падкрэсліў, што калі прыехаў на месца, праезная частка была вольная, транспартпазней перакрылі супрацознікі ДАІ. У будучыні ён не плануе больш нікуды выходзіць.

Калі 23 гадзін ён з'ехаў, бо пачалі ўжываць светлашумавыя гранаты. 

Мінсктранс: пазоў на 3621 рубель 

Як доказ віны Лянько прад'явілі фотаздымкі счэпкі, дзе ён пазнаў сябе і таварышаў. Ён быў у чорнай майцы з надпісам "Беларусь" чырвонага колеру. Падчас паседжання таксама разглядалася асабістыя ліставанні мужчыны ў тэлеграм, а таксама ягоныя ліставанні з ботамі, куды ён адпраўляў інфармацыю.  

Шабуня запыталася, ці спрабаваў абвінавачаны дзейнічаць у межах закона, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў. Ён адказаў, што спрабаваў: стараўся не выходзіць на праезную частку. 

Сярод матэрыялаў справы — звесткі пра тэлефонныя злучэнні, пратаколы агляду месцаў падзей. 

Да справы далучаныя акты аб прыпынку грамадскага транспарту 9 жніўня: Мінсктранс заявіў пазоў на 3621 рубель шкоды. Лянько прызнаў пазоў абгрунтаваным, але не пагадзіўся з сумай.

Што было ў спрэчках?

Падчас спрэчак пракурор падкрэсліў, што дзеянні абвінавачанага былі кваліфікаваныя правільна і папрасіў прызнаць яго вінаватым і прызначыць абежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на тры гады — "хіміі".

Абаронца папрасіў улічыць, што у Лянько пажылыя бацькі, якім ён дапамагае. У апошнім слове мужчына папрасіў не караць яго строга. Судддзя пахадзілася з тэрмінам, які запрасіў пракурор. Мужчыну вызвалілі ў залі суда. 

Крыніца: Тры гады "хіміі" за "нязгоду з падлікам галасоў"