Скаргу Паўла Левінава на пастанову судзьдзі Кастрычніцкага суду Іны Грабоўскай ад 17 красавіка разглядала судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова. Згодна з рашэньнем суду ніжэйшай інстанцыі, праваабаронца прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці на падставе часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у масавых мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка ды пакараны 15-цю суткамі арышту.
Паводле “Віцебскай Вясны”, Паўла Левінава ў абласным судзе прадстаўляў у якасьці абаронцы Андрэй Левінаў (родны брат). Суд пачаўся з заявы пра адвод судзьдзі з той нагоды, што ў свой час Павал Левінаў паінфармаваў ДАІ і УУС аблвыканкаму пра парушэньне правілаў дарожнага руху судзьдзёй Ірынай Смаляковай – яна перайшла вуліцу Шубіна па-за пешаходным пераходам. Аднак судзьдзя адвод не задаволіла.
Далейшы разгляд справы засьведчыў, што недаверлівае стаўленьне да судзьдзі мела пад сабой пэўныя падставы. На тое, каб выкласьці сутнасьць адміністрацыйнай справы і прэтэнзіі скаржніка, судзьдзі спатрэбілася ўсяго паўтары хвіліны. Маўляў, Павал Левінаў з высновамі суду ня згодны, бо, на ягоную думку, яны не адпавядаюць фактычным абставінам справы. Удзелу ў масавых мерапрыемствах ён ня браў, а выконваў місію назіральніка. Да таго ж падчас адміністрацыйнага працэсу былі парушаныя нормы працэсуальнага права, у тым ліку і права на абарону.
«Павал Левінаў просіць пастанову судзьдзі І. Грабоўскай адмяніць, а справу аб адміністрацыйным правапарушэньні спыніць з-за адсутнасьці ў дзеяньнях складу адміністрацыйнага правапарушэньня», – адзначыла Ірына Смалякова.
Калі б выкладзенае судзьдзёй бачаньне не абурыла абаронцу, то разгляд справы скончыўся б вельмі хутка. Аднак з выказанай судзьдзёй інтэрпрэтацыяй скаргі абаронца не пагадзіўся. Ён падкрэсьліў, што Павал Левінаў ня скардзіцца на парушэньне заканадаўства, а падае канкрэтныя спасылкі на артыкулы нацыянальнага і міжнароднага права, падпісаныя Рэспублікай Беларусь.
Як заявіў Андрэй Левінаў, суд першай інстанцыі не захацеў разьбірацца ў сутнасьці справы, і, як бачна, абласны суд таксама ня хоча гэтага. Ён заявіў, што вымушаны зачытаць скаргу цалкам, з шасьцю дадаткамі. Судзьдзі відавочна гэта не спадабалася, але пярэчыць яна ня стала. «Хочаце зачытваць усё – калі ласка», – адказала яна.
У сваім выступе абаронца засяродзіў увагу на тым, што паводзіны Паўла Левінава падчас прававога маніторынгу цалкам адпавядалі статуту Беларускага Хэльсынскага камітэту і нормам права. Як і патрабуе заканадаўства, ён меў пры сабе накіраваньне арганізацыі для назіраньня за масавым мерапрыемствам у горадзе Віцебску, а таксама пасьведчаньне пазаштатнага карэспандэнта газэты «Віцебскі кур'ер». Яшчэ 15 сакавіка ён паінфармаваў начальніка УУС пра тое, што 25-26 сакавіка будзе праводзіць маніторынг правоў чалавека падчас мірных сходаў, у адказ на што атрымаў ліст з падзякай за актыўную грамадзянскую пазыцыю.
Пераканаўчых аргумэнтаў прагучала ня мала, але яны ніяк не паўплывалі на канчатковае рашэньне. Выслухаўшы абаронцу – брата Паўла Левінава, які пры канцы свайго выступу заклікаў выправіць прававы промах суду ніжэйшай інстанцыі, судзьдзя Смалякова пастанавіла: «Залічыць у тэрмін адміністрацыйнага арышту, прызначанага Паўлу Левінаву, час ягонага затрыманьня 26 сакавіка з 13 гадзінаў 10 хвілінаў да 23 гадзінаў 30 хвілінаў. У астатняй частцы пастанову суду Кастрычніцкага раёну пакінуць бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня».
Такім чынам, пакінуўшы ў сіле рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, судзьдзя Ірына Смалякова прадэманстравала рэальнае стаўленьне дзяржаўнай сыстэмы да праваабаронцаў і праваабарончай дзейнасьці. Паставіўшыся пагардліва да дакумэнтальна пацьверджанага імунітэту назіральніка праваабарончай арганізацыі, прадстаўніца абласнога суду падтрымала тэндэнцыю на фактычную забарону праваабарончай дзейнасьці.
Крыніца: Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу праваабаронцы Паўла Левінава