Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 11-12 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Па заяве пракуратуры г. Наваполацка інфармацыйная прадукцыя Telegram-чата "Новополоцк 7 микрорайон чат" прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.

У Вілейцы раніцай на працоўным месцы затрыманы 34-гадовы Барыс Несцяровіч.

Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя. Цяпер ён утрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна.

У Мінску пасля ператрусу затрыманая Ірына Радзькова. З Ленінскага РУУС яе даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

"Списки задержанных" таксама паведамляе пра затрыманне ў Мінску Уладзіслава Крука, Арцемія Каспяровіча, Ігара Станкевіча.

Пасля адміністрацыйнага арышту з Акрэсціна не выйшлі і былі перазатрыманыя Аляксей Гецьманаў (арыштавалі яшчэ на 10 сутак) і Яўген Люльковіч (арыштаваны ў пяты раз на дзесяць сутак, у выніку - 61 суткі).

Фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую аштрафавалі на 90 базавых велічыняў

Пра гэта паведамляе Беларускі фонд спартовай салідарнасці. Аляксандру затрымалі 10 лістапада пасля трэніроўкі. На яе быў складзены пратакол за «пікетаванне».

Справу палітзняволенага блогера Вадзіма Ермашка (Vadimati) перадалі ў пракуратуру 

Вадзіму Ермашуку выставілі канчатковае абвінавачванне, яно засталося ранейшым: абраза прэзідэнта (368 КК) і здзек над дзяржаўнымі сімваламі (370 КК). Суд будзе праходзіць у судзе Шчучынскага раёна, паведамляе @nebovkletku.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 11-12 лістапада