10 лістапада ў судзе Мінскага раёна вынесены прысуд 42-гадовай жыхарцы Фаніпаля Анастасіі Баранавай. Суддзя Новікава прызнала яе вінаватай паводле дыфамацыйнага арт.369 Крымінальнага кодэкса за абразу памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліны Касьянчык і вынесла пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Пракурор запрошваў 1,5 гады "хіміі". Таксама ў яе канфіскаваны тэлефон у даход дзяржавы.
Каментар утрымліваў выраз “Як зямля носіць такую гніду?” Лінвістычная экспертыза, каб пацвердзіць абразлівы характар каментара, не праводзілася.
Анастасія была затрыманая на 9-12 жніўня 2021 года за непрыстойны па форме з нецэнзурнай лексікай каментар у бок Аліны Касьянчык у адным з тэлеграм-каналаў. Пацярпелая на паседжанне не з’явілася.
Жанчына часткова прызнала віну. Яна распавяла, што зайшла ў тэлерам-канал падчас абедзеннага адпачынку, дзе ўбачыла інфармацыю пра тое, што адна грамадзянка падала на іншую грамадзянку ў суд з нагоды непрацягнення дамовы арэнды жылля. Прозвішчы жанчын яна не памятае. Пакінула каментар “без задняй думкі” і не хацела пакрыўдзіць чалавека: дзяўчына на здымку была маладзенькая, а яе форма нагадвала чыгуначную. Калі б яна ведала, што дзяўчына – супрацоўнік пракуратуры, яна б не пакідала каментар, але тады ў яе быў “паэтычны парыў”. Часткова прызнае віну, таму што пісала яго грамадзянцы, а не прадстаўніку ўлады і нават не адкрывала сам тэкст матэрыяла.
На 2 гады "хатняй хіміі" асудзілі мінчанку за высяленне з кватэры "палітычнай" памочніцы пракуроркі
Згодна з паказаннямі падчас следства, Баранава распавядала, што ёй стала шкада жанчыну, на якую Касьянчык падала ў суд.
Падчас спрэчак абвінаваўца палічыў, што віна Анастасіі цалкам даказаная і папрасіў пакараць яе абмежаваннем волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на 1,5 гады – “хіміі”.
Абаронца падкрэсліла, што ў дзеяннях Баранавай адсутнічае склад злачынства, таму што абраза прадстаўніка ўлады не была нанесеная пры выкананні ім службовых абавязкаў. У загалоўку артыкула ўтрымліваліся звесткі аб тым, што жыллёвыя адносіны склаліся паміж двума грамадзянкамі, то бок Касьянчык выступала ў якасці грамадзянкі. Лінгвістычная экспертыза таксама не праводзілася, таму адвакатка папрасіла апраўдаць Баранаву.
Суд вынес пакаранне ў выглядзе двух гадоў “хатняй хіміі”.
Хто такая Аліна Касьянчык?
Памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне ў многіх "палітычных" справах, удзельнічала ў працэсах па крымінальных справах супраць пратэстоўцаў. Яна была дзяржабвінаваўцам у справе журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх за стрым з «Плошчы пераменаў» асудзілі на два гады калоніі. Таксама Касьянчык прадстаўляла абвінавачванне ў справе аб надпісах «Не забудзем» каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.
Крыніца: Жанчыну пакаралі двума гадамі "хатняй хіміі" за "абразу" Касьянчык у каментары