9 студзеня на паседжанні Пушкінскай акруговай камісіі №18 г. Гомеля былі разгледжаныя пакеты дакументаў, якія паступілі ад трох прэтэндэнтаў у кандыдаты: Аляксандра Кетурава (ад партыі левых “Справядлівы свет”), Лілі Лявоненка (ад працоўнага калектыву) і Галіны Цярэшчанка (ад працоўнага калектыву і праз збор подпісаў). Дарэчы, апошняя з’яўляецца дзеючым дэпутатам аблсавета і старшынёй абласной арганізацыі ГА “Белая Русь”.
Назіральнік Віктар Адзіночанка, які прысутнічаў на паседжанні, адзначае:
“Калі праглядаліся пакеты дакументаў, якія паступілі, я папрасіў дазволу іх паглядзець. Гэтае пытанне было пастаўлена на галасаванне. Прагаласавалі адзінагалосна “за”. Я праглядзеў падпісныя лісты Цярэшчанкі Г.А. На мой погляд, некалькі разоў у двух графах даты пастаўленыя адной рукой. Але шмат часу на разгляд не было”.
Усяго за Цярэшчанку было здадзена 271 подпіс, 1 прызналі несапраўдным. Згодна з выбарчым заканадаўствам, камісія прыняла рашэнне праверыць 64 подпісы, гэта 23,7%.
Назіральнік яшчэ перад паседжаннем падаў заяву ў Пушкінскую акруговую камісію аб магчымасці прысутнічаць пры праверцы подпісаў. На пасяджэнні АВК, якое адбылося 9 студзеня, ён яшчэ раз нагадаў камісіі аб сваім намеры.
“Старшыня камісіі Вольга Дацэнка паставілася да маёй заявы вельмі насцярожана. Пачала пытацца: “Навошта гэтая заява? Мы будзем правяраць подпісы пад час дзяжурства. Вам і так ніхто не забараняе прысутнічаць пры нашым дзяжурстве”. Напэўна, баіцца нейкага падвоху”, - паведамляе Адзіночанка.
Канкрэтна высветліць, калі будуць правярацца подпісы назіральніку не ўдалося. Сказалі толькі, што заўтра, пад час дзяжурства сябраў камісіі.