Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч павінны былі выйсці на волю 22 і 23 кастрычніка пасля амаль 100 сутак на Акрэсціна, але на іх склалі новыя пратаколы. Сёння над імі прайшлі чарговыя суды па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). У Ленінскім РУУСе на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыл адзін адному навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. 21 кастрычніка справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Таццяна Шоцік. На гэты раз пратакол на Анастасію склалі за перасыл мужу 21 чэрвеня паведамлення з канала «Hехта». Сваю віну дзяўчына прызнала цалкам. Яна растлумачыла, што на той момант яна не ведала, што канал унесены ў спіс «экстрэмісцкіх». Адвакатка звярнула ўвагу суддзі на шматлікія памылкі ў матэрыялах справы, але суддзя на гэта не адрэагавала. Справу Анастасіі суддзя Шоцік разглядзела за 12 хвілін.

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч
Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч

На Сяргея пратакол склалі за тое, што 16 чэрвеня ён пераслаў жонцы навіну з канала «МотолькоПомоги». Сяргей адзначыў, што судзяць яго за паведамленні, якія знайшлі ў тэлефоне Анастасіі. У матэрыялах справы Крупеніча была копія пастановы суда Партызанскага раёна ад 23 сакавіка, згодна з якой, канал «МотолькоПомоги» прызнаны «экстрэмісцкім». Але адвакатка папрасіла суддзю цалкам прачытаць гэтую пастанову:

«На момент изготовления фотокопии решение суда Партизанского района Минска от 23 марта 2021 года не вступило в законную силу».

Адвакатка дадала, што калі Сяргея судзяць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, то чаму тады ў матэрыялах справы наогул адсутнічае інфармацыя менавіта з Мінінформа, які вядзе гэты спіс. Адвакатка таксама не разумее, чаму і як гэтае фота пастановы суда трапіла ў матэрыялы справы. У выніку, суддзя Шоцік зрабіла перапынак у справе, каб запрасіць у Партызанскім судзе копію пастановы аб прызнанні канала экстрэмісцкім. Пасля перапынку да матэрыялаў справы ўжо далучылі копію пастановы. Але, акрамя гэтага, у справе з’явілася і выпіска з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. Для гэтага суддзя павінна была адправіць справу на дапрацоўку, каб менавіта супрацоўнікі РУУСа дадавалі выпіску да матэрыялаў справы, а не прыймаць непасрэдны ўдзел у пошуках доказаў віны Сяргея.

«Што тычыцца вытрымак з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, які Высокі суд па ўласнай ініцыятыве запатрабаваў і далучыў да матэрыялаў справы, то дадзеныя абставіны таксама нельга прымаць да ўвагі, таму што ў адпаведнасці з прэзумпцыяй невінаватасці абавязак доказу віны асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, ускладаецца на службовую асобу органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, то бок на прадстаўнікоў РУУС Ленінскага раёна, а не на суд», — пракаментавала на судзе гэта адвакатка Сяргея. 

У выніку, суддзя Таццяна Шоцік, не ўлічыўшы ўсе памылкі ў матэрыялах справы, зноў арыштавала Сяргея і Анастасію на 13 сутак кожнага. Муж і жонка агулам правядуць на Акрэсціна 112 і 111 сутак адпаведна. Негледзячы на тое, што яны амаль чатыры месяц будуць за кратамі ў нечалавечых умовах, ім прыйдзецца сплаціць вялізарныя грошы за харчаванне ў ЦІПе. Калі адзін дзень на Акрэсціна каштуе 14 рублёў і 50 капеек, то кожны з іх мусіць выплаціць больш за 1 600 рублёў.

Амаль 100 сутак за кратамі: мужа і жонку сёмы раз асудзілі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы

На волю пасля шостага адміністрацыйнага арышту не выйшлі муж і жонка Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. 8 і 11 кастрычніка над імі адбыліся чарговыя суды за перасыл адзін адному навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) Сяргея на чарговыя 15 сутак, а Анастасію — на 14. Гэта іх сёмыя суды — за кратамі па адміністрацыйных артыкулах яны правядуць больш за тры месяцы. «Вясна» распавядае ўсё, што вядома пра пераслед сям'і, пра сённяшні суд, дзе Анастасія прасіла прабачэнне ў следчага Каўрыжкі, і пра ўмовы ўтрымання дзяўчыны ў ЦІП на Акрэсціна.

Крыніца: Палітзняволеных мужа і жонку восьмы раз запар пакаралі "суткамі". У няволі яны агулам правядуць 112 і 111 сутак