Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 20 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, палітвязняў кідаюць у ШІЗА і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Следчы гомельскага СК хоча 20 кастрычніка дапытаць у Светлагорску мясцовага актывіста Анатоля Кнігу пра праваабаронцу "Вясны" Алену Маслюкову.

МУС прызнала Telegram-канал «Дружины Народной Самообороны — ДНС» і Telegram-чат «ДНС чат» экстрэмісцкім фарміраваннем.

Перазатрыманне пасля "сутак"

На волю пасля 15-сутачнага арышту не выйшла 20-гадовая Сафія Маргунова. Яе затрымалі пасля спробы патрапіць на разгляд апеляцыйнай скаргі па "справе студэнтаў" у Мінгарсудзе. На Сафію склалі пратакол па ч. 1 арт. 24.23 КаАП і арыштавалі на 15 сутак, якія яна адбывала ў ЦІП на Акрэсціна. Сёння яе "суткі" сукончыліся, але яе перазатрымалі і склалі новы пратакол. Над дзяўчынай чакаецца новы суд.

Затрыманні ў Магілёве

У Магілёве затрыманы Дзмітрый Тоўсцік, паведамляе MAYDAY. Паведамляецца, што яго забралі з працы. Як мяркуецца, затрыманне рабіў ГУБАЗіК. Прычына затрымання невядомая. Таксама паведамляецца пра затрыманне яшчэ аднаго чалавека, імя і прозвішча якога пакуль невядомыя.

Па заяве пракуратуры Віцебска Telegram-канал "Два мушкетера и красотка" прызнаны экстрэмісцкім.

Інфармацыя абнаўляецца і дапаўняецца.

Крыніца: Пераслед 20 кастрычніка: перазатрыманне пасля "сутак", затрыманні ў Магілёве