Беларускія ўлады яшчэ на пачатку 2021 года заявілі ў ААН пра паступленне да іх ад грамадзянаў 4 644 заяваў і паведамленняў "пра ўжыванне падчас спынення несанкцыянаваных пратэстных акцый да асобаў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў фізічнай сілы і спецсродкаў". Сёлета ў канцы жніўня намеснік старшыні Следчага камітэта агучыў абноўленую інфармацыю: у падраздзяленні СК з 9 жніўня 2020 года паступіла амаль 5 тысяч зваротаў і паведамленняў аб ужыванні гвалту з боку міліцыі, з іх у Мінску — больш як 3600.

Тады ж СК заявіў аб адмове праводзіць расследаванне катаванняў у ізалятарах на Акрэсціна ў жніўні 2020 года: адразу 680 затрыманым адмовілі ў завядзенні крымінальных справаў. Да гэтага па выніках нібы праведзеных праверак рознымі падраздзяленнямі СК выносіліся падобныя рашэнні ў дачыненні да іншых заяўнікоў.

Чаму праведзеная праверка — гэта не расследаванне?

У адрозненне ад расследавання, праверка праводзіцца абмежаванымі працэсуальнымі сродкамі: не ажыццяўляюцца допыты сведак, пры якіх яны папярэджваюцца пра крымінальную адказнасць за дачу загадзя лжывых паказанняў ці за адмову ад дачы паказанняў, не праводзяцца апазнанні і вочныя стаўкі, а службовыя асобы не адхіляюцца ад выканання службовых абавязкаў. Адпаведна, датычныя да катаванняў службовыя асобы працягваюць карыстацца перавагамі ўлады, магчыма, здзяйсняць падобныя дзеянні зноў і зноў. Па большай частцы выпадкаў, вядомых праваабаронцам, ніхто не высвятляў асобы і не апытваў датычных да катаванняў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў; не збіраліся доказы вінаватасці пэўных асобаў у катаваннях і іншых службовых злачынствах.

Што прапануюць праваабаронцы?

Калі вы падавалі заяву на катаванні ці бесчалавечае абыходжанне з боку сілавікоў пасля падзеяў жніўня 2020 года, атрымалі адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і ў вас ёсць копія пастановы, запоўніце кароткую форму.

Калі ў вас няма копіі пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы (як правіла, заяўніку высылалі толькі апавяшчэнне), то яе можна атрымаць у Следчым камітэце асабіста ці па пошце. Юрысты “Вясны” дапамогуць скласці неабходны запыт у СК, а таксама  абскардзіць адмову. 

Калі вы гатовыя распавесці пра сваю гісторыю затрымання і катаванняў у адносінах да вас (публічна ці канфідэнцыйна) — звяжыцеся з камандай дакументавання праз тэлеграм-акаўнт @viasnadoc.

Чаму гэта важна?

  1. Калі пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце катаванняў будзе абскарджана, СК атрымае выразны сігнал пра нязгоду з высновамі праверкі.
  2. Калі мы захоўваем доказы злачынства супраць чалавечнасці, то магчымасць расследавання і прыцягненні да адказнасці вінаватых магчымая як у будучыні, гэтак і цяпер у межах розных працэдур, у тым ліку ў межах універсальнай юрысдыкцыі ў іншых дзяржавах.
  3. Мы зафіксуем вашу гісторыю ў межах збору доказаў злачынстваў прадстаўнікоў улады падчас і пасля выбараў 2020 года ў Міжнароднай платформе для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus).

Кожная адмова Следчага камітэта можа зрабіцца доказам здзяйснення злачынства. Дапамажыце нам сабраць гэтыя доказы!

Крыніца: Праваабаронцы абвяшчаюць збор пастановаў аб адмове ў завядзенні крымінальных спраў па фактах катаванняў у 2020-2021 гадах