Будынак Астравецкага РАУС. У будынку Астравецкага РАУС 13 кастрычніка адбыўся закрыты судовы працэс па справе  Артура Жвірыдоўскага. Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў).

Па версіі абвінавачвання Жвірыдоўскага судзяць таму, што ён нібыта ўначы ў чэрвені бягучага году вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры паласы ў бел-чырвона-белым спалучэнні. Акрамя гэтага садраў чырвона-зялёны сцяг з будынку адной з дзяржаўных установаў раённага цэнтру. 

Нікога з тых, хто прыйшоў падтрымаць Жвірыдоўскага, у тым ліку яго маці і іншых сваякоў, на працэс не пусцілі. Некаторых з іх толькі апыталі як сведкаў, пасля чаго адразу выдалілі з "залы суда". Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэты працэс на стэндзе Астравецкага суда няма, фактычна гэты працэс не толькі поўнасцю закрыты, але і "засакрэчаны".

Ад дапамогі адваката Артур Жвірыдоўскі адмовіўся.

Вядома, што жыхар  Астраўца Артур Жвірыдоўскі больш за тры месяцы знаходзіўся пад арыштам.

Прысуд вынесены суровы - тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Крыніца: Тры гады калоніі за б-ч-б сімволіку