Адміністрацыі раёнаў Віцебску завяршылі фармаванне ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў гарадскога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Пра тое, як гэты працэс правяла Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна, распавёў наш назіральнік Леанід Свецік, які прысутнічаў на пасяджэнні. У самым пачатку пасяджэння старшыня Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Сяргей Сташэўскі забараніў прысутным весці аўдыё-, відэа- і фотаздымку. Гэтая забарона датычылася і прысутных журналістаў, тым самым пазбавіўшы працэс фармавання камісій адкрытасці і галоснасці.
Таксама кіраўніцтва раённай адміністрацыі адмовілася ад публічнага абмеркавання кожнага прэтэндэнта ў сябры УВК, па словах назіральніка, матывуючы сваю адмову тым, што ўсе кандыдатуры былі кулуарна абмеркаваныя напярэдадні пасяджэння.
У выніку ў Кастрычніцкім раёне былі сфармаваныя 62 участковыя выбарчыя камісіі, у якія ўвайшлі 824 чалавекі. З іх 38 (61% ад агульнай колькасці камісій) - на безальтэрнатыўнай аснове.
Апазіцыйныя прэтэндэнты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі (8 чалавек), Рэспубліканскай партыі левых "Справядлівы свет" (5 чалавек) і Партыі БНФ (1 чалавек) ва ўчастковыя камісіі ўключаны не былі. Прычыны іх неўключэння прадстаўнікі ўлады прысутным не патлумачылі.
«Спосаб і вынікі фармавання ўчастковых выбарчых камісій чарговы раз засмуцілі прадстаўнікоў апазіцыйных партый і незалежных назіральнікаў. У ўладаў была магчымасць прадэманстраваць грамадству жаданне да адкрытага і галоснага правядзення выбараў дэпутатаў у мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады. Аднак яны не здолелі гэтай магчымасцю скарыстацца і сфармавалі ўчастковыя камісіі па старых, недэмакратычных лякалах», - падсумаваў Леанід Свецік.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Крыніца: Назіральнік з Віцебска: фармаванне ўчастковых камісій прайшло па старых лякалах