Дэпартамент выканання пакаранняў адказаў на зварот праваабаронцы Насты Лойка аб прыняцці мераў па забяспячэнню асабістай бяспекі палітвязня Міхаіла Жамчужнага.
Першапачаткова праваабаронца звярнулася ў Пракуратуру Горацкага раёна з просьбай прыняцця мераў пракурорскага рэагавання ў дачыненні да службовых асобаў папраўчай установы з мэтай ліквідацыі пагроз жыццю і здароўю Міхаіла Жамчужнага.
Наста Лойка звяртала ўвагу на той факт, што ў дачыненні да вязня па калоніі былі распаўсюджаныя непраўдзівыя звесткі пра яго “нізкі статус”, у сувязі з чым яму сталі паступаць пагрозы з боку іншых асуджаных. У выніку зваротаў да адміністрацыі калоніі замест гарантавання мераў бяспекі, яго сталі садзіць у ШІЗА, і на дадзены момант вядома пра 14 бесперапынных арыштаў.
Аднак, Пракуратура перанакіравала зварот у Магілёўскую абласную пракуратуру, а тая ў сваю чаргу - у Дэпартамент выканання пакаранняў.
Часова выконваючы абавязкі начальніка ДВП І. Мысліцкі ў сваім адказе напісаў, што довады аб фактах невыканання службовымі асобамі папраўчай калоніі №9 абавязкаў па забеспячэнні асабістай бяспекі Міхаіла Жамчужнага не знайшлі аб’ектыўнага пацверджання, а парушэнняў заканадаўства з боку службовых асобаў калоніі ў Горках не выяўлена.
Акрамя таго, ДВП звярнуў увагу Насты Лойка на той факт, што грамадзяне рэалізуюць права на зварот асабіста або праз сваіх прадстаўнікоў, пры гэтым да пісьмовых зваротаў прадстаўнікоў прыкладаюцца дакументы, якія пацвярджаць іх паўнамоцтвы.
“Дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы Вамі прадстаўляць інтарэсы асуджанага Жамчужнага М.І., не былі прадстаўлены. Згодна з артыкулам 15 Закона, такія звароты пакідаюцца без разгляду па сутнасці”, - падкрэсліваецца ў адказе ДВП.
Нагадаем, спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. У сваіх тлумачальных, якія палітвязень прадстаўляе падчас атрымання спагнанняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны адмоваў “следаваць у атрад” і патрабуе пераводу яго ў бяспечнае месца. Вядома, што на заявы Міхаіла Жамчужнага аб змяшчэнні ў бяспечнае месца адміністрацыя па-ранейшаму не рэагуе.
8 снежня ў судзе Горацкага раёна Магілёўскай вобласці адбыўся разгляд скаргі палітвязня на вынесенае яму адміністрацыяй калоніі № 9 у жніўні бягучага года спагнанне ў выглядзе пяці сутак ШІЗА. Скарга судом не была задаволеная. Рашэнне суда Горацкага раёна Міхаіл Жамчужны намераны абскардзіць у касацыйным парадку.
Крыніца: ДВП заплюшчвае вочы на парушэнні з боку адміністрацыі калоніі ў Горках