Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за аўторак, пятага кастрычніка. Рэпрэсіі не спыняюцца: беларусаў па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ліквідуюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Спіс затрыманых па крымінальнай справе за каментары з нагоды гібелі Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ
Мінскі гарадскі суд разглядаў апеляцыю па «справе студэнтаў» — прысуд пакінулі без зменаў
Нагадаем, 11 чалавек па справе атрымалі па 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Глеб Фіцнер (адзіны, хто прызнаў віну) — два гады калоніі.
4 кастрычніка адбыўся ператрус ва ўдзельніцы стачкі «Нафтан» Ірыны Лучыновіч
Яна працавала на заводзе «Палімір». Сілавікі прыйшлі да жанчыны ў межах крымінальнай «справы Рабочага руху» па арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).
Сама Ірына паспела з'ехаць з краіны.
У пасёлку Дружны Мінскай вобласці паведамляецца пра затрыманне Сяргея Лабанка. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя.
Шмат каго з затрыманых па «справе Зельцэра» перавялі ў жодзінскую турму — родныя не могуць перадаць ім перадачы
Сёння сваякі затрыманых паспрабавалі перадаць родным перадачы, але іх не прынялі, спасылаючыся на каранцін. Людзі прыязджалі з перадачамі з розных гарадоў Беларусі, але безвынікова. Па інфармацыі родных, у большасці з затрыманых няма сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.
Колькі будзе доўжыцца каранцін супрацоўнікі следчай турмы не паведамляюць.
У Беларусі ліквідавалі праваабарончую арганізацыю «Прававая ініцыятыва»
Як паведамляе сама арганізацыя, 5 кастрычніка Вярхоўны суд па пазове Мінюста ліквідаваў «Прававую ініцыятыву». Прычынай ліквідацыі арганізацыі сталаажыццяўленне дзейнасці пасля рашэння суда аб яе прыпыненні. Прычынамі прыпынення дзейнасці называюцца пяць пунктаў, сярод якіх, напрыклад, тое, што на сайце выкарыстоўваецца найменне "Прававая ініцыятыва", а не РГА "Прававая ініцыятыва", што нібыта ўводзіць у зман грамадзян.
Прадстаўнік Мінюста Дзмітрый Курылік у судзе заявіў, што "Прававая ініцыятыва" цалкам ігнаравала пісьмовае папярэджанне і рашэнне суда аб прыпыненні дзейнасці.
Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне ліквідаваць "Звяно"
Гэта рэальна апошняя праваабарончая арганізацыя, якая мела легальны статус у Беларусі. У каментары "Еўрарадыё" кіраўніца "Звяна" Таццяна Гацура-Яворская адзначыла, што гэта яшчэ не канец.
"Рашэнне суда не набыло моц. Мы маем 15 дзён на абскарджванне ў Вярхоўным судзе, — кажа яна. — І паколькі падставаў для ліквідацыі прадстаўлена не было, і сведкі не былі запрошаныя, мы лічым, што ў нас вялікія шансы выйграць справу".
Пераслед завадчанаў-стачкамаўцаў працягваецца
5 кастрычніка днём адбыўся ператрус у апаратчыка цэха 103 завода «Палімір» і намесніка старшыні прафсаюза (БНП) на «Нафтане» Андрэя Шкірэнкі. Ён далучыўся да стачкі «Нафтана» ў снежні мінулага года.
Сілавікі шукалі зброю, наркотыкі і цікавіліся, навошта патрэбен незалежны прафсаюз.
Сам Андрэй на волі, яго не затрымалі.
Ператрус у рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час»
Паведамляецца, што ў рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час» сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю рэгіянальнай газеты.
Палітзняволенаму філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічу падоўжылі тэрмін знаходжання пад вартай яшчэ на месяц
Ён прабудзе за кратамі як мінімум да 4 лістапада. Нагадаем, Мацкевіча арыштавалі ў пачатку жніўня 2021 года. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Рэсурс "Медыя-Палессе" будуць судзіць за размяшчэнне на сайце "інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці"
Пра гэта смс-паведамленнем Лунінецкая міліцыя апавясціла дырэктара прадпрыемства Максіма Гарда, які знаходзіцца не ў Беларусі. Артыкул 23.5 КаАП — «па факце размяшчэння на сайце інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці». Пра якую канкрэтна інфармацыю ідзе гаворка не паведамляецца.
«Мы не ведаем, аб чым ідзе гаворка. Сайт ужо месяц як заблякаваны паводле пастановы абласной пракуратуры на шэсць месяцаў. Апошні суд па гэтым артыкуле быў за публікацыю перадрукі з іншага сайта Аб судовым працэсе над удзельнікамі акцый пратэсту ў Пінску ў 2020 годзе. Тады нас аштрафавалі на 199 базавых велічынь з 200.
Але мы не маем намеру быць кармушкай для ўлады, таму ў планах-ліквідацыя прадпрыемства. Агульная сума штрафаў за год склала 16 тысяч беларускіх рублёў», — падзялілася галоўны рэдактар выдання Святлана Гарда.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.