3 студзеня адбылося паседжанне адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, на якім прайшло фармаванне ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. У выніку ніводнага прадстаўніка апазіцыйных партый, якіх і так вылучалася вельмі маленькая колькасць, у склад участковых камісій уключана не было. На паседжанні прысутнічаў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Зміцер Салаўёў, які адзначае, што рашэннем адміністрацыі раёну ад 29.12.2017 была вызначаная "аптымальная колькасць сябраў участковых камісій".
"Гэтая колькасць дзіўным чынам на 100% супала з колькасцю вылучэнцаў у камісіі ад праўладных структур. Па тых камісіях, дзе не было вылучана дэмакратычных прадстаўнікоў, галасавалі адразу спісам, і, адпаведна, усе праўладныя прадстаўнікі увайшлі ў склад камісій. А там, дзе былі прадстаўнікі іншых арганізацыях, галасавалі па кожнай кандыдатуры асобна і, адпаведна, прадстаўнікі дэмакратычных структур у камісіі не ўвайшлі".
Паводле Салаўёва, дакуманты 13 прадстаўнікоў Аб'яднанай Грамадзянскай партыі на вылучэнне прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі былі прынятыя, але прызнаныя аформленымі неправільна. Гэта і стала падставай для адмовы ў сяброўстве ў камісіях. У склад камісіі участку №103 спрабаваў трапіць прадстаўнік Партыі БНФ Юры Чавусаў, аднак ён таксама не быў уключаны, бо ён "не мае вопыту працы ў камісіях" і ўвогуле "не працуе".
Трэба адзначыць, што ўчастковых камісій, па якіх ішло галасаванне па кожнай кандыдатуры, было вельмі мала (менш за 10%). Гэта камісіі №2,10, 16, 28, 40, 44, 58, 63, 68, 76, 103.
У выніку на 110 участкаў для галасавання ўсяго абраныя 1284 сябры ўчастковых камісій: 931 ад праўладных палітычных партый і грамадскіх арганізацый (збольшага гэта "Белая Русь", БРСМ, Чырвоны Крыж, Саюз ветэранаў, Спартовая Партыя і г.д.), 187 ад працоўных калектываў і 166 ад грамадзян шляхам збору подпісаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: На 110 УВК Маскоўскага раёна Мінска не знайшлося ніводнага месца для апазіцыі