Жодзінскі гарвыканкам зацвердзіў склад участковых выбарчых камісій (УВК) па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28 склікання. На паседжанні, якое адбылося 3 студзеня, прысутнічаў назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лапіцкі.
Паседжанне вёў старшыня гарвыканкама Юры Шары, а дакладала па пытанні колькаснага і персанальнага складу УВК начальніца арганізацыйна-кадравага аддзела выканкама Таццяна Краўцэвіч.
Было заяўлена, што напачатку было 263 вылучэнцаў. Пасля “адсеву” арганізацыйна-кадравым аддзелам 5-ці заяў “з-за памылак пры зборы подпісаў” на ўчастках №№ 6; 7; 18; 19 і 21 - засталося 258 кандыдатур.
Пасля зацверджання прапановы па колькасным складзе для фармавання 24-х УВК (23 камісіі - па 11 чалавек, камісія №24- 5 чалавек, - усяго 258 чал.), колькасць вылучаных прэтэндэнтаў супала з колькасцю свабодных месцаў у складзе ўчастковых камісій.
“Канкурэнцыі не было, як і альтэрнатыў для абмеркавання. Не было сэнсу і ў далейшай дэманстрацыі актаў галасавання за персанальны склад УВК. Засталося толькі фармальна агучыць і зацвердзіць у персанальным выглядзе ўжо фактычна прыняты агулам колькасны склад жодзінскіх участковых выбарчых камісій. Старшыня выканкаму Юры Шары, нават не азіраўся на сябраў выканкаму, якія сядзелі ў заднім шэрагу, і пасля прапановы прагаласаваць “за”, адразу ж агучваў вынік: “адзінагалосна”, і “караван рухаўся далей”. Першы крок цалкам перадвызначаў усе наступныя і канчатковы вынік», - каментуе ход паседжання назіральнік Аляксей Лапіцкі.
У ліку сябраў УВК, зацверджаных выканкамам, такім чынам абраныя:
202 чалавекі з досведам працы ў камісіях (былыя супрацоўнікі і кіраўнікі УВК, сябры выбаркамаў); 56 не маючых досведу (кіраўнікі прадпрыемстваў, сябры 5 асноўных праўладных арганізацыйных структураў ( грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, “Чырвоны Крыж”, прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі) і 1 партыя - КПБ. 139 - вылучаныя шляхам збору подпісаў (па 10 подпісаў для рэгістрацыі заявы); 104 - ад вышэйзгаданых грамадскіх арганізацый (КПБ - 3, “Белая Русь” - 20, БРСМ - 14, прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі - 19, Чырвоны Крыж - 24, БСЖ - 24).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле licviny.info
Крыніца: Жодзіна: склад УВК зацверджаны адзінагалосна і безальтэрнатыўна