Суд прызнаў Ігара Клешчука, адміністратара «Групы Дармаедаў і Сацыяльных Утрыманцаў» у сацыяльнай сетцы УКантакце, вінаватым «у публічным закліку да правядзення пікетавання з парушэннем устаноўленага парадку» і на падставе часткі 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях аштрафаваў на 30 базавых велічынь, што склала 690 рублёў. Прычынай для адміністратыўнага пераследу паслужыў рэпост інфармацыі аб правядзенні 29 кастрычніка ля будынка КДБ па праспекце Незалежнасці акцыі «Ланцуг памяці». Адміністратыўны працэс у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска адбыўся 28 снежня, пастанову пра штраф вынес суддзя Сяргей Л.А.
Ігар Кляшчук, які звярнуўся да праваабаронцаў «Вясны» па дапамогу ў абскарджанні пастановы суда, распавёў, што перад затрыманнем супрацоўнікі міліцыі правялі ў яго дома вобшук, у выніку якога забралі кампутарную тэхніку. Пры гэтым свой візіт праваахоўнікі тлумачылі наяўнасцю інфармацыі аб дачыненні Клешчука да незаконнага абароту наркатычных сродкаў. Але ў далейшым, па словах сацыяльнага актывіста, стала ясна, што насамрэч іх цікавіла інфармацыя пра вулічныя акцыі, якія праходзілі ў Мінску ў 2017 годзе.
«19 снежня, дзесьці а восьмай вечара, да мяне па месцы жыхарства прыехалі два супрацоўнікі міліцыі ў форме амапаўцаў. Дома мяне не было. Была маці. Яна распавяла, што цікавіліся, як я выглядаю, у чым апрануты... Праз пару гадзінаў яны прыехалі зноў, ужо без амуніцыі, і зноў цікавіліся мной, - распавядае Ігар Кляшчук. - А на наступны дзень, а 12-й, прыехалі тры аператыўнікі ў цывільным з дакументам аб тым, што мяне падазраюць ва ўжыванні і распаўсюдзе наркотыкаў пры дапамозе сеткі Інтэрнэт. Яны правялі вобшук на працягу гадзіны, у якасці панятых выступалі двое мінакоў. Была канфіскавана тэхніка - кампутар, ноўтбук, тэлефон, а таксама флэшкі».
Варта адзначыць, што ў пратаколе асабістага вобшуку, складзеным оперупаўнаважаным АНіСГЛ [aддзяленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі] Кастрычніцкага РУУС старшым лейтэнантам Чупіным, сярод канфіскаваных прадметаў ні кампутар, ні ноўтбук не значацца, а ў далейшым і суддзя Сяргей не высвятляў пытання наконт тэхнікі.
«Пры вобшуку даволі цікавая была рэакцыя на плакат «Перамаглі фашызм... Пераможам і лукашызм» і на БЧБ-сцяг, з якімі я хадзіў на мітынг 25 сакавіка. Той, які праводзіў ператрус, хацеў яго забраць і спытаў у сваіх: «Ну што, бярэм?» Пасля гэтага я спытаў, а дакладней адзначыў: «А, зразумела, навошта вы сюды прыйшлі!» На гэта аператыўнік аператыўна засунуў рэчы назад у шафу», - працягвае свой аповяд актывіст.
Пасля вобшуку Клешчука адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС, дзе склалі пратакол і пастанову аб вызваленні, затым - у медыцынскі цэнтр на аналіз мачы для асведчання.
«Уся працэдура заняла каля трох гадзінаў. Я быў вольны ў тры гадзіны дня», - успамінае ён.
«22 снежня я прыйшоў у офіс аператара «Лайф», бо мне была неабходная сувязь са знешнім светам. Там я сказаў, што страціў сімку і папрасіў аднавіць мой нумар тэлефона. Пасля гэтага я змяніў пароль сваёй старонкі УКантакце, прывязаўшы да новага нумару. А 26 снежня мне прыйшлі тры SMS-кі ад УКантакце з кодам для доступу да старонкі, хоць я ніякіх аперацый у сацсетцы не рабіў».
Апоўдні 27 снежня Ігару Клешчуку патэлефанавалі з Кастрычніцкага РУУС і папрасілі прыйсці для дачы тлумачэнняў адносна падзеяў месячнай даўніны.
«Я адказаў, што я прыеду да іх толькі з адвакатам і што я не памятаю, што ўчора рабіў, а яны хочуць, каб я памятаў, што рабіў месяц таму».
Праз гадзіну да яго прыехалі трое супрацоўнікаў міліцыі і папрасілі праехаць з імі ў аддзел.
«У аддзеле я даў тлумачэнні з нагоды таго, дзе быў 26 лістапада. Пасля гэтага мяне папрасілі пачакаць. Праз паўгадзіны прыйшоў міліцыянт у форме і папрасіў прайсці з ім у кабінет, дзе паказаў мне раздрукоўкі з «Групы Дармаедаў і Сацыяльных Утрыманцаў». Асабліва ён звярнуў увагу на пост пра акцыю Статкевіча "Ланцуг памяці" 29 кастрычніка 2017 году каля будынку КДБ. Я адмовіўся даваць якія-небудзь каментары і адказваць на пытанні. Пасля гэтага міліцыянт папрасіў мяне напісаць хадайніцтва старшыні суду Кастрычніцкага раёну Мінску Макарэвіч С. Ю. аб тым, што я абавязуюся з'явіцца 28 снежня ў суд па адрасе Сямашкі 33», - распавядае актывіст.
Сведкам у судовым пасяджэнні выступіў старэйшы лейтэнант Чупін.
«Таксама суддзя прыклаў дыск, на якім было каля двухсот скрыншотаў з «Групы Дармаедаў», у якіх гаварылася пра розныя акцыі і мітынгі, што прайшлі за 2017 год. На маё асабістае меркаванне, зрабіць іх за тры працоўныя дні (перашуфляваць усю групу) немагчыма. Гэта сведчыць аб тым, што маю групу пастаянна праглядаюць, што яна на асаблівым ўліку», - лічыць Ігар Кляшчук.
У сувязі з гэтай гісторыяй праваабаронца «Вясны» Наста Лойка адзначае, што прыцягненне да адказнасці за рэпост інфармацыі пра мірныя сходы з'яўляецца непрапарцыйным абмежаваннем права як на свабоду выказвання меркавання, так і на свабоду мірных сходаў.
«Таксама мяне вельмі непакоіць той факт, што ўсё шырэй выкарыстоўваюцца вобшукі па адвольных прычынах у дачыненні да асобаў, якія публічна выказваюць сваё меркаванне. Рэпрэсіі актывізаваліся ў дачыненні не толькі да непасрэдных удзельнікаў вулічных акцый, але і тых, хто выказваецца ў сацыяльных сетках. У дадзеным выпадку канфіскацыя тэхнікі відавочна адбылася незаконна, як і сама працэдура вобшуку», - кажа яна.
Працэдуру вобшуку Ігар Кляшчук абскарджвае асобна.
Крыніца: Мінчука асудзілі за рэпост ва УКантакце інфармацыі пра кастрычніцкую акцыю «Ланцуг памяці»