Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), выступіла з крытыкай у сувязі з рашэннем аб правядзенні судовага працэсу над актывістамі ПЦ “Вясна” Леанідам Судаленкам, Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка ў закрытым рэжыме, паколькі такія ўмовы не гарантуюць іх права на справядлівае судовае разбіральніцтва на працягу ўсяго працэсу. “Закрытыя пасяджэнні могуць уяўляць сабой парушэнне права на справядлівы суд, замацаванае, у прыватнасці, у артыкуле 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, тым, што яны не дазваляюць грамадскасці пераканацца ў належным ажыццяўленні правасуддзя і што правы абвінавачаных належным чынам паважаюцца, што, у канчатковым рахунку, можа прывесці да адвольных прысудаў”, — гаворыцца ў тэрміновым звароце арганізацыі.

Абсерваторыя асуджае працяглае адвольнае затрыманне Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы і іншых праваабаронцаў і валанцёраў “Вясны” — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка. Іх пераслед накіраваны выключна на пакаранне за законную праваабарончую дзейнасць, адзначае Абсерваторыя.

Абсерваторыя заклікае ўлады неадкладна вызваліць Леаніда Судаленку, Таццяну Ласіцу і ўсіх сябраў “Вясны” разам з усімі праваабаронцамі, журналістамі і актывістамі, адвольна затрыманымі ў Беларусі, і гарантаваць іх фізічную недатыкальнасць, псіхалагічны дабрабыт і права на справядлівы суд. Абсерваторыя заклікае ўлады Беларусі спыніць усе факты пераследу – у тым ліку на судовым узроўні – у дачыненні да Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы, Марыі Тарасенка і ўсіх іншых праваабаронцаў у краіне.

Працэс у справе Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка распачаўся 3 верасня ў Цэнтральным раённым судзе Гомеля. Іх абвінавачваюць у “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” і “фінансаванні такой дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Неўзабаве пасля пачатку першага пасяджэння суддзя Сяргей Салоўскі пастанавіў праводзіць слуханні ў закрытым рэжыме на працягу ўсяго працэсу. Дата наступнага пасяджэння дасюль невядомая менавіта праз рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыі аб судзе.

Крыніца: Абсерваторыя асудзіла рашэнне аб закрыцці суда над актывістамі “Вясны” ў Гомелі