Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 8 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

КДБ Беларусі апублікаваў абноўлены пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. У яго дададзеная адна новая арганізацыя - і гэта  "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі (АГСБ)". Нагадаем, 18 жніўня стала вядома, што па заяве генпракурора Вярхоўны суд прызнаў нефармальную арганізацыю "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі" тэрарыстычнай, паведамляе zerkalo.io. 

Пінск

У пінскай праваабаронцы Веранікі Івановай адбыўся ператрус.

Вераніка Іванова. Фота

У жанчыны забралі 2 старых тэлефона і агледзелі ноўтбук, піша "Вясна-Брэст". Вераніку пры гэтым не затрымлівалі.

Учора стала вядома, што праваабаронца стала фігуранткай крымінальнай справы аб «зліве» дадзеных міліцыянтаў у телеграм-каналы «Чорная кніга Беларусі». Раней актывістка наведвала крымінальныя палітычна матываваныя працэсы.

Гародня

Стала вядома, што на гарадзенца Глеба Койпіша пачалі крымінальную справу за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Глебу Койпішу 35 гадоў, ён жанаты, мае двое дзяцей. Койпіш запісаў зварот да ўладаў перад выбарамі-2020. Пасля збіцця 10 жніўня 2020 года Глеб трапіў у траўмапункт. Яму адмовілі ў пачынанні крымінальнай справы па гэтым факце, піша “Гарадзенская Вясна”

Дырэктар студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеб Койпіш быў затрыманы 25 жніўня. Вядома, што на працягу некалькіх гадзінаў у офісе студыі праходзіў ператрус з удзелам сілавікоў у камуфляжы. Глеб Койпіш паспеў напісаць на старонцы ў Facebook слова «Прыйшлі».

Студыя «Іквадарт» працуе з 2004 года, займалася арганізацыяй шматлікіх дабрачынных праектаў.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Ператрус у праваабаронцы, новыя крыміналкі: хроніка пераследу за восьмага верасня